На “Гродна Азот” усталююць мемарыяльную дошку ў гонар Сяргея Прытыцкага. Яе адкрыюць 15 верасня, паведаміла БелТА са спасылкай на кіраўніка аддзела сацыяльнага развіцця прадпрыемства Паўла Лісоўскага.

Прытыцкі
Сяргей Прытыцкі. Крыніца: eot.su

Адкрыццё дошкі прымяркуюць да “Дня народнага адзінства”. Яе размесцяць на першай прахадной “Гродна Азот”. 

Сяргей Прытыцкі (1913−1971) — дзяржаўны і палітычны дзеяч БССР. Адзін з арганізатараў камсамольскага падполля Заходняй Беларусі. З 1948 г. па 1951 г. працаваў сакратаром Гродзенскага абкама партыі, займаўся арганізацыяй эканамічнай і сацыяльнай інфраструктуры Гродна.

Чаму дошка ў гонар Прытыцкага і хто гэта прапанаваў

У перыяд з 1971 па 2000 год гродзенскі хімічны камбінат насіў імя Сяргея Прытыцкага. Потым прадпрыемства перайменавалі ў Гродзенскае вытворчае прадпрыемства “Азот”, а ў 2002 – у “Гродна Азот”. 

“Усе гэтыя гады нашыя ветэраны неаднаразова выступалі з ініцыятывай увекавечыць імя Сяргея Прытыцкага. Ідэйным натхніцелем гэтай прапановы была і застаецца заслужаны ветэран прадпрыемства Лідзія Ільінічна Рымарчук. Яе ідэю падтрымаў Савет ветэранаў і кіраўніцтва прадпрыемства”, – сказаў Павел Лісоўскі.

Адкрыюць не толькі дошку

У музейнай залі прадпрыемства рыхтуюцца аформіць вітрыну, прысвечаную Прытыцкаму. Новую вуліцу, якая будзе весці да “Гродна Азот”, назавуць імем Прытыцкага. Яе адкрыццё рыхтуюць да 25 кастрычніка 2023 года. 

Чытайце таксама: У Гродне з’явіцца «расійскі» квартал, а таксама вуліца Прытыцкага