Вуліца Прытыцкага не такая «сумнеўная», як Усходняя, лічаць у гарадской тапанімічнай камісіі. Яна зацвердзіла назвы новых вуліц у Гродне. Большасць з іх — звязаныя з Расіяй.

У Гродне з’явіцца “расійскі” квартал, а таксама вуліца Прытыцкага
Гродна. Ілюстрацыйнае фота: Hrodna.life

Участак ад вуліцы Карскага да Азёрскай шашы і ад яе да мікрараёна «Забалаць» назавуць у гонар Сяргея Прытыцкага. Пра гэта паведаміў тэлеканал «Гродна Плюс». Вуліцы ў мікрараёне «Баранавічы-11» атрымаюць назвы ў гонар гарадоў пабрацімаў. Большасць з іх расійскія.

Назву новага ўчастка вуліцы абіралі праз грамадскае галасаванне. Акрамя варыянта ў гонар Прытыцкага, вуліцу прапаноўвалі назваць Усходняя кальцавая, у рускім варыянце «Всходняя кольцевая». За вуліцу Прытыцкага, нібыта, прагаласавала 63%, за Усходнюю кальцавую 37%.

Сяргей Прытыцкі (1913−1971) — дзяржаўны і палітычны дзеяч БССР. Адзін з арганізатараў камсамольскага падполля Заходняй Беларусі. З 1948 г. па 1951 г. працаваў сакратаром Гродзенскага абкама партыі, займаўся арганізацыяй эканамічнай і сацыяльнай інфраструктуры Гродна.

Паводле тэлеканала «Гродна Плюс», назва «Всходняя кольцевая» сумнёўная, бо з беларускай мовы на рускую назвы вуліц не перакладаюць, а транслітаруюць.

У Баранавічах будзе расійскі квартал

У мікрараёне «Баранавічы-11» вуліцы назавуць у гонар гарадоў пабрацімаў. Цэнтральную вуліцу назавуць Пабрацімская. Ад яе будуць адыходзіць астатнія вуліцы:

  • Валагодская
  • завулак Валагодскі
  • Габалінская
  • завулак Габалінскі
  • Калінінградская
  • Ашкелонская
  • Ухцінская
  • завулак Ухцінскі
  • Хімкінская

Ветэраны прапанавалі яшчэ варыянт

Гродзенскі савет ветэранаў прапанаваў тапанімічнай камісіі ўвекавечыць памяць ветэрана Другой сусветнай вайны Грыгорыя Абялеўскага і назваць яго імем адну з вуліц Гродна. Камісія ўнесла яго ў банк дадзеных. Верагодна, што яго імем назавуць адну з вуліц у мікрараёне Грандзічы.

Ці ёсць у Гродне іншыя назвы ў гонар гарадоў пабрацімаў

Новыя вуліцы будуць размяшчацца ў адным раёне. Вуліцы ў гонар іншых гарадоў пабрацімаў: Друскеніцкая, Ліможская, Беластоцкая, Алітуская ў Гродне ўжо ёсць, але яны знаходзяцца ў розных частках горада.

У гонар каго ў Гродне дасюль не назвалі вуліцы

У 2010 годзе ў Гродне прапаноўвалі перайменаваць вуліцу Парыжскай камуны ў вуліцу імя Васіля Быкава. Тады за перайменаванне актывісты кампаніі «Гавары праўду!» сабралі больш за дзве тысячы подпісаў.

Таксама ў 2011 годзе гродзенская тапанімічная камісія хацела даць вуліцы ад Новага моста да скрыжывання з вуліцай Вольгі Соламавай імя Васіля Быкава. Але гэтую ініцыятыву хутка зрэзалі і з’явіліся прапановы назваць вуліцу ў гонар алімпійскай чэмпіёнкі Вольгі Корбут. Але ў выніку вуліца імя Корбут таксама не з’явілася.