Рэканструкцыя былога піўзавода ў Гродне знаходзіцца на фінішнай прамой. Работы плануўць цалкам скончыць у трэцім квартале — да канца верасня — 2026 года.
Зараз на аб’екце працягваецца добраўпарадкаванне: укладаюць плітку розных фарматаў і адценняў, каб функцыянальна падзяліць прастору на зоны. Часткова выкарыстоўваюць старую брукоўку, захоўваючы элементы гістарычнай забудовы.
Паралельна вядуцца работы па вонкавай аддзелцы — тынкоўцы і афарбоўцы фасадаў. Практычна завершаны ўнутраныя аддзелачныя работы ў памяшканнях, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс».
Таксама мантуюцца ўнутраныя і вонкавыя інжынерныя сеткі. Ужо часткова пракладзены газаправод, вядзецца мантаж вентыляцыі, электрычных сетак і водазабеспячэння. Практычна завершаны работы па ацяпленні і наладцы кацельнага абсталявання.
Аднаўленне прахадной і архітэктурныя рашэнні
Завяршаецца мантаж будынка на месцы былой прахадной. Ніжняя частка збудавання выканана з гістарычнай цэглы, каб захаваць аўтэнтычнасць комплексу. Верхнюю частку, якая не была зафіксавана на архіўных фатаграфіях, выканалі са шкла і бетону.
Што будуць рабіць далей
Цяпер праектуюць гасцініцу, распавёў намеснік дырэктара кампаніі-інвестара Аляксандр Заглубоцкі. Паводле яго слоў, у верасні інвестар прыступіць да работ па будаўніцтве гэтага гатэля. Гасцініца будзе злучацца з комплексам падземнай пераходнай галерэяй.
Піўзавод рэканструявалі пяць гадоў
Рэканструкцыю комплексу былога гродзенскага піўзавода і палаца Агінскіх пачалі восенню 2021 года. У ходзе работ хацелі захаваць аўтэнтычны гістарычны антураж, аднавіць бровар, а таксама злучыць прастору завода з набярэжнай Нёмана.




