У жніўні ў Гродна вернецца open-air фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі «Кінемо». Класіку нямога кіно пакажуць пад адкрытым небам у суправаджэнні жывой музыкі.
Удзельнікі фестывалю некалькі месяцаў працавалі над арыгінальным музычным суправаджэннем для кожнага фільма праграмы. Паказы пройдуць ва ўнутраным дворыку Музея гісторыі рэлігіі 25−26 жніўня.
У Гродне пакажуць два фільмы:
- «Малодшы брат» (The Kid Brother, 1927, ЗША, 81 хв.). Рэжысёры: Тэд Вільдэ, Льюіс Майлстоун, Гаральд Лойд. Музычнае суправаджэнне: Марына Рамейка (фартэпіяна).
- «Рукі Орлака» (Orlac's Hände, 1924, Германія-Аўстрыя, 92 хв.). Рэжысёр: Роберт Віне. Музыка: Максім Круглы. Музычнае суправаджэнне: Максім Круглы (фартэпіяна), Юры Каліноўскі (скрыпка), Дыяна Гантарэнка (флейта).
Кошт білета на адзін паказ — 25 рублёў.
Месцы ўжо можна браніраваць. Для гэтага трэба напісаць у дырэкт Instagram музея гісторыі рэлігіі.
Паказ пройдзе пад адкрытым небам, таму трэба апранацца па надвор'і.
Калі: 25−26 жніўня, 21:00. Збор гасцей у 20:30.
Дзе: Замкавая, 16 (унутраны двор Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі).
Фестываль вярнуўся пасля перапынку
Міжнародны open-air фестываль «Кінемо» праходзіў у Беларусі з 2013 года, у Гродне — з 2015. Арганізатарамі выступалі праект Cinemascope і Асацыяцыя маладых беларускіх кампазітараў. Паказы праходзілі ў Мінску, Гродне, Брэсце, Магілёве. У Гродне фестываль збіраў поўную пляцоўку.
У 2020 годзе паказы ў Гродне планаваліся на верасень, але іх адмянілі арганізатары, як і ў Мінску і Брэсце. А 2021 годзе ў Гродне фестываль адмянілі ўжо праз тое, што Музей гісторыі рэлігіі адмовіўся супрацоўнічаць з арганізатарамі фестывалю. «Выразна прычыну адмовы нам ніхто так і не сфармуляваў,
абмежаваліся тлумачэннямі ў духу „ну вы самі ўсё разумееце“. Нам вельмі шкада губляць выдатнага шматгадовага партнёра ў асобе музея, але ў дадзенай сітуацыі мы цалкам нямоглыя», — тлумачылі тады арганізатары. Удакладніць прычыну ў адміністрацыі музея Hrodna.life не ўдалося. У 2022 годзе ў Гродне паказаў таксама не было. У Мінску і Брэсце фестываль не адмянялі.
Чытайце таксама: