У 2021 годзе Міжнародны open air фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі «Кинемо» ў Гродне не адбудзецца. Пра гэта паведамілі арганізатары ў сацсетках. Пастаянная пляцоўка фестывалю — Музей гісторыі рэлігіі - сёлета адмовілася ад супрацоўніцтва з арганізатарамі фестывалю

«Кінемо» — адзіны ў Беларусі open air фестываль, у рамках якога дэманструюцца нямыя фільмы, агучаныя сучаснымі музыкамі.

«Дарагія сябры, са шкадаваннем вымушаны паведаміць, што запланаваныя паказы „Кинемо“ ў Гродне не адбудуцца па незалежных ад арганізатараў прычынах. Мы вельмі засмучаныя, але не губляем надзеі, што сонца ўзыдзе вельмі хутка і мы будзем сустракаць світанак разам з вамі», — напісалі арганізатары на старонцы ў Facebook.

Арганізатары: пляцоўка адмовілася ад супрацоўніцтва

Пастаянная пляцоўка фестывалю — Музей гісторыі рэлігіі - сёлета адмовілася ад супрацоўніцтва з арганізатарамі фестывалю, распавялі арганізатары Hrodna.life. «Выразна прычыну адмовы нам ніхто так і не сфармуляваў, абмежаваліся тлумачэннямі ў духу «ну вы ж самі ўсё разумееце». Нам вельмі шкада губляць цудоўнага шматгадовага партнёра ў выглядзе музея, але ў дадзенай сітуацыі мы зусім бяссільныя.

У планах — вярнуцца праз год

На пошук новай пляцоўкі ў Гродне ў арганізатараў не засталося «ні арганізацыйных, ні часовых рэсурсаў». «Але нам бы вельмі хацелася вярнуцца ў Гродна і мы спадзяемся, што ў наступным годзе ў нас гэта атрымаецца», — паведамілі арганізатары Hrodna.life.

У Музеі гісторыі рэлігіі Hrodna.life пацвердзілі, што вырашылі не прадастаўляць фестывалю пляцоўку. З якой прычыны, можа патлумачыць толькі дырэктар Рыта Янчалоўская, а яна сёння ў камандзіроўцы, распавялі ў музеі Hrodna.life.

Дзе можна паглядзець нямое кіно цяпер?

Фестываль планаваўся на 9−11 ліпеня ў звыклым месцы — у дворыку Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі. Праграму арганізатары яшчэ не раскрывалі.

Жадаючыя паглядзець нямое кіно на свежым паветры пад жывую музыку могуць паехаць у Мінск. Там фестываль пройдзе з 17 чэрвеня па 15 ліпеня.

Чытайце таксама: