Самы таямнічы гродзенскі гісторык Яўген Аснарэўскі выпусціў новую кнігу «Захад Беларусі: гістарычны пазл». Кніга прысвечана Гродзенскаму і Брэсцкаму рэгіёнам, а таксама іх абласным цэнтрам. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Пішу я як заўсёды лёгка, уплятаючы ў тэкст жартачкі і асабістыя гісторыі, таму даступнасць тэксту знаходзіцца на ўзроўні творчасці добрага журналіста, ну, а гістарычная дакладнасць на ўзроўні добрага гісторыка» — напісаў Яўген Аснарэўскі.
Пад псеўданімам Яўген Аснарэўскі хаваецца гродзенскі блогер, краязнаўца, аўтар або сааўтар некалькіх папулярных гродзенскіх інтэрнэт-петыцый. Напісаў ужо восемь гістарычных кніг пра Гродна. Акрамя гістарычных матэрыялаў Яўген піша мастацкую прозу. Нягледзячы на спробы высветліць таямніцу яго асобы, Аснарэўскі паспяхова захоўвае ананімнасць.
Адшукайце і праслухайце размову з Яўгенам Аснарэўскім у падкасце «Гаворыць Гродна».
Зборнік цікавых краязнаўчых гісторый
Кніга выйшла на беларускай і рускай мовах. Яна складаецца з трох раздзелаў. Першы — «Гродна і (або) Брэст». Там аўтар распавядае пра сваеасаблівую барацьбу гарадоў за статус альтэрнатыўнай сталіцы ВКЛ.
Другі раздзел — «На прасторах Брэстчыны і Гродзеншчыны». З гэтага раздзела можна даведацца пра рэгіёны і месцы на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Напрыклад, пра кляштар картэзіанцаў (картузіянцаў, картузаў) у Бярозе, Белавежскую пушчу, а таксама пра няправільны малюнак Напалеона Орды.
Трэці раздзел — «Найбуйнейшы горад на Захадзе Беларусі». Ён цалкам прысвечаны Гродну.
Не толькі ўласныя тэксты, але і крытыка
Паводле словаў аўтара, большасць глаў маюць «яркія загалоўкі, адносна невялікі аб’ём і прысвечаны больш-менш цікавым для абывацеляў гістарычным сюжэтам, то бок, па сутнасці, кніга гэта зборнік гатовых артыкулаў для публікацыі ў краязнаўчых СМІ, або „гістарычных хвілінак“ навінавых СМІ».
Таксама Аснарэўскі змясціў у кнізе разбор артыкула літоўскага гісторыка Томаса Баранаўскаса пра «пытанне сталічнасці Навагародка». Таксама разабраў артыкул гродзенскага гісторыка Андрэя Вашкевіча пра Каложскую царкву.
Кнігу можна сцягнуць бясплатна або набыць друкаваны экземпляр.
Яшчэ павінна выйсці кніга пра Нёман
У кастрычніку 2022 года, калі Аснарэўскі анансаваў выхад сваёй папярэдняй кнігі - «Вялікае Княства Літоўскае і беларускі нацыянальны міф» — ён паведаміў, што плануе выпусціць кнігу пра Нёман. Гэта павінна быць праца ў межах сумеснага праекта з фатографам Сяргеем Плыткевічам.
Раней учыніў скандал у Facebook
У лютым 2023 года Яўген Аснарэўскі пачаў губляць сяброў у Facebook. Ад яго адпісваліся гісторыкі, а некаторых ён блакаваў сам. Прычынай стаў пост ў якім Аснарэўскі «спрабаваў разбурыць «гістарычныя міфы» і крытыкаваў працу гісторыкаў Сяргея і Святланы Марозавых.
Чытайце таксама: Скандальны гродзенскі краязнавец Аснарэўскі ўчыніў разборкі ў Facebook: пачаў баніць гісторыкаў, потым яны самі пачалі адпісвацца