Гродзенскі краязнаўца, які хаваецца пад псеўданімам Яўген Аснарэўскі, у кастрычніку плануе выпусціць кнігу «Вялікае Княства Літоўскае і беларускі нацыянальны міф». Выданне — «плён шматгадовых аналітычных бур і чытання летапісаў», паведаміў аўтар на сваёй старонцы ў Facebook.
«Кніга гэта найперш разбуральнік укаранёных гістарычных міфаў, а гэтых міфаў, варта сказаць, вагон. Цi ж не ва ўсiх кніжках дадзенай тэматыкі, нават вельмі добрых, ёсць нейкія міфалагізаваныя элементы. Я ж пішу строга па фактах з дакладных крыніц, прычым як заўсёды дастаткова даступнай мовай», — напісаў Яўген Аснарэўскі.
Аснарэўскі сцвярджае, што ўсе гіпотэзы з літоўскай, беларускай і іншых гістарыяграфій ён «бязлітасна разграмляе», без спробаў «перацягнуць коўдру ў чыйсці бок».
Кнігу аўтар плануе прадставіць на дзвюх мовах. Электронная версія будзе даступна бясплатна.
Пад псеўданімам Яўген Аснарэўскі хаваецца гродзенскі блогер, краязнаўца, аўтар або сааўтар некалькіх папулярных гродзенскіх інтэрнэт-петыцый. Напісаў ужо восемь гістарычных кніг пра Гродна. Акрамя гістарычных матэрыялаў Яўген піша мастацкую прозу. Нягледзячы на спробы высветліць таямніцу яго асобы, Аснарэўскі паспяхова захоўвае ананімнасць.
Адшукайце і праслухайце размову з Яўгенам Аснарэўскім у падкасце «Гаворыць Гродна».
Кніга пра ВКЛ — не адзіная, над якой працуе аўтар
Аснарэўскі ў межах сумеснага праекта з фатографам Сяргеем Плыткевічам плануе прадставіць яшчэ дзве кнігі. Першая — пра Нёман. Другая — нядаўна дапісаная Аснарэўскім кніга з турыстычным ухілам.
Чытайце таксама: Евгений Асноревский: 7 фактов о таинственном блогере, который знает о Гродно всё