У міліцыі вырашылі не прыцягваць да крымінальнай адказнасці карыстальніка, які назваў “інфаспецназаўку” Вольгу Бондараву “далбанутай” і “далба*ам” у адным з праўладных каналаў. Прычына – Бондарава не службовая асоба.
Спрэчка з абразамі здарылася ў “Чаце Прыдыбайлы”. Яго адмініструе Канстанцін Прыдыбайла, супрацоўнік расійскага прапагандысцкага медыя Russia Today, які актыўна падтрымлівае беларускую ўладу і Аляксандра Лукашэнку. У дыялогу адзначылі таксама, што Бондарава “абражае цэлыя міністэрствы, людзей, журналістаў”.
Актывістка з Гродна Вольга Бондарава запатрабавала завесці справу супраць яе крыўдзіцеля паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса, але атрымала адмову.

“У ходзе правядзення праверкі апытаная Бондарава паказала, што ў сапраўдны момант яна займаецца прадзяржаўнай дзейнасцю, накіраванай на выяўленне фактаў парушэння заканадаўства ў сетцы Інтэрнэт, пасля чаго адпаведную інфармацыю яна перадае ў кампетэнтныя органы. Таксама апошняя з гэтай мэтай адмініструе тэлеграм-каналы. Так, праглядаючы публікацыі ў тэлеграм-канале “Чат Прыдыбайлы”, яна ўбачыла, што невядомы карыстальнік, акаўнт якога ў цяперашні час выдалены, размясціў пост, у якім маюцца абразлівыя выказванні, у тым ліку ў дачыненні да яе. Пасля гэтага яна вырашыла звярнуцца ў міліцыю з заявай. Таксама падчас праверкі было ўстаноўлена, што Бондарава прадстаўніком улады не з’яўляецца», – сказана ў дакуменце.
Раней у такой сітуацыі карыстальніка маглі пакараць паводле арт. 189 (абраза) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Але гэты артыкул з яго выключылі ў пачатку 2021 года.
“Даравала” маёру міліцыі
Бондарава апублікавала адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сваім канале. Яна напісала таксама, што “гатовая дараваць” старшаму оперупаўнаважанаму Маскоўскага РУУС Мінска маёру міліцыі Хуцкаму ў гонар Дня Канстытуцыі, але ён “адкрыў скрыню Пандоры”.
Маўляў, зараз яму і ягоным калегам “давядзецца разграбаць наступствы неўрэгуляваных грамадзянскіх канфліктаў”, да таго ж сваім рашэннем ён “зрабіў ласку бчбесам і неадэкватам”.
Скардзілася нават на дэпутата
Вольга Бондарава – праўладная актывістка з Гродна, раней судзімая за кантрабанду цыгарэт у Польшчу. Называе сябе “інфаспецназаўкай”. Актыўна змагаецца з усімі, хто выступаў супраць рэжыму, а таксама з кнігамі, мастакамі, гістарычнымі асобамі і нават монстрамі. З верасня 2022 – студэнтка педуніверсітэта па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура».
У лютым 2023 года на актыўнасць Бондаравай паскардзіўся генеральнаму пракурору дэпутат Ігар Марзалюк. Бондарава абурылася яго выказваннямі, назваўшы іх” нацысцкім дном”, і ў адказ таксама напісала зварот у пракуратуру.
Чытайце таксама: Актывістцы Бондаравай не спадабаўся факультатыў ад ЮНІСЕФ. Што ёй адказалі ў Міністэрстве адукацыі



