Зверку дадзеных ваеннаабавязаных плануюць скончыць 21 снежня 2022 года. Праз прадпрыемствы і навучальныя ўстановы ўжо праверылі дадзеныя каля 45 тыс. чалавек, паведаміў «Гродна Плюс».

Стала вядома, калі ў Гродне плануюць скончыць зверку ваеннаабавязаных
Вайскоўцы. Ілюстрацыйнае фота.

Такую зверку праводзяць штогод, але настолькі маштабную — упершыню, удакладняе канал. У параўнанні з леташнімі зверкамі, зараз людзей выклікалі для прыватнай гутаркі і ўдакладнення звестак.

Якія дадзеныя збіраюць

«Падчас правядзення зверкі ўдакладняюцца наступныя дадзеныя ваеннаабавязаных — гэта адрас месца жыхарства, адрас месца знаходжання, тэлефоны мабільныя, хатнія, сямейнае становішча, узровень адукацыі, спецыяльнасць, месца працы, пасада, якую займае па месцы працы», — сказаў кіраўнік мабілізацыйнага аддзела вайсковага камісарыята Гродна і Гродзенскага раёна Аляксандр Раўгач.

Акрамя гэтага, у ваенкамаце ўдакладняюць стан здароўя ваеннаабавязанага. Гэта робяць для прыняцця далейшых мераў і працы. Якой менавіта працы і мераў, Роўгач не ўдакладніў.

Як звяраюць дадзеныя

Дадзеныя звяраюць двума спосабамі. Першы — праца з арганізацыямі, якія абавязаны за тыдзень прадставіць у камісарыят інфармацыю пра змяненне дадзеных супрацоўнікаў.

Другі - асабістае запрашэнне прыйсці ў ваенкамат па месцы жыхарства праз позву, тэлефанаванне або СМС-апавяшчэнне.

Да якога ўзросту могуць выклікаць для зверкі

Узрост, да якога ваеннаабавязаных будуць выклікаць у ваенкамат, залежыць ад іх звання:

  • салдат і сяржантаў - да 50 гадоў;
  • прапаршчыкаў і малодшых афіцэраў - да 55 гадоў;
  • старэйшых афіцэраў - да 60 гадоў.