У паліклініцы №3 Гродна прыбралі банер пра гісторыю жыцця Саламеі Русецкай – першай у гісторыі Рэчы Паспалітай жанчыны-урача. На яго паскардзілася актывістка Вольга Бондарава. Гродзенскія ўлады з ёй пагадзіліся.

“У канцы мая ў паліклініцы № 3 г. Гродна быў знойдзены банер, які праслаўляе польскую авантурніцу Саламею Русецкую. Яна выдавалася за “гонар Беларусі”. Акрамя таго, руская мова называлася „замежнай“ для беларусаў, – напісала Ольга. Многіх гэта абурыла, лісты паляцелі мне ў лічку і ў гарвыканкам”.

Саламея Русецкая – першая ў гісторыі Рэчы Паспалітай жанчына-лекар. Аўтарка мемуараў, асветніца. Аўтарка прыгодніцкага рамана “Авантуры майго жыцця”.

Таксама Бондаравай не спадабаліся “бчб-лялькі” і манітор “з рэкламай швейцарскага Чырвонага Крыжа”. Супрацоўнікі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа дзяжурылі падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе. Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа дапамагаў людзям, закранутым канфліктам на тэрыторыі Украіны.

Кіраўніцтва паліклінікі будзе ўзгадняць банеры

Скаргу накіравалі кіраўніцтву паліклінікі і ў аддзел ідэалагічнай працы і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама.

Пасля звароту інфармацыйны плакат аб Саламеі Русецкай выдалілі, адказала на зварот Вольгі намесніца старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша. Яна размясціла адказ Telegram-канале. «А кіраўніцтва медустановы прыбрала выставу і сумнеўны відэаролік. Манітор на месцы”, – паведаміла Бондарава. Галоўнага лекара Гарадской паліклінікі № 3 Гродна Вольгу Лукашук і яе намеснікаў абавязалі ўзгадняць інфармацыю, якая размяшчаецца ва ўстанове.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка ў канцы чэрвеня пацвердзіў інфармацыю.

Кім заменяць Русецкую?

Кулеша паведаміла, што ў якасці “выбітных медыцынскіх работнікаў” раскажуць пра:

  • Зіновія Салаўёва (рэвалюцыянер, адзін з арганізатараў савецкага аховы здароўя, намеснік наркама аховы здароўя РСФСР, заснавальнік “Артэка”),
  • Канстанціна Кемарскага (акушэр-гінеколаг, грамадскі дзеяч, доктар медыцыны, стацкі саветнік, дырэктар Гродзенскай павівальнай школы і Гродзенскай акушэрска-фельчарскай школы, арганізатар аховы здароўя, і сярэдняй медыцынскай адукацыі ў Гродзенскай губерні),
  • Васілія Гіндэнбурга (медык, турэмны лекар).