Навіны

Затрыманне фатографа, суд за пратэстныя надпісы і прысуд за распальванне варожасці ў дачыненні да расійскіх вайскоўцаў. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Гродзенскага фатографа Сяргея Марозава затрыманне на фестывалі «Лакацыя» — суд над ім адбудзецца 22 або 23 жніўня. Гродзенца асудзілі на год калоніі за сем надпісаў на аб’ектах на вул. Пушкіна. Жыхара Зельвеншчыны асудзілі за распальванне варожасці ў дачыненні да расійскіх вайскоўцаў. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 15 па 21 жніўня.

Затрыманне

  • Жыхара Гродна затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і абразы службовых асоб (арт. 369 КК) і Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК). «Удзельнічаў у 2020 годзе на плошчы Леніна ў дазволеных мерапрыемствах з прадстаўнікамі гарвыканкама і аблвыканкама на сцэне, якія гутарылі з народам. Ва ўчыненым раскайваюся, больш такое не паўторыцца», — сказаў дзіўную фразу затрыманы. Сілавікі сцвярджаюць, што затрыманы ад’язджаў у Польшчу, але вярнуўся.
  • 15 жніўня ў Гродне быў затрыманы Валерый Сівук. Валерый знайшоўся ў Ленінскім РАУС. Там удалося высветліць, што яго затрымалі нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, і што ў чацвер — 18 жніўня — яго будуць судзіць за гэта па адміністрацыйным артыкуле, паведаміла «Вясна». Пра вынікі суда невядома.
  • У Гродне затрымалі галоўнага інжынера адной з будаўнічых арганізацый. Ён быў незалежным назіральнікам на выбарах-2020. Таксама гродзенец удзельнічаў у пратэстах-2020. Увосень 2020 года яго затрымлівалі за абразу супрацоўнікаў міліцыі (арт. 369 КК). Увесну 2021 года прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «План Перамога». У сярэдзіне 2022 года яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і абразу супрацоўнікаў міліцыі. Ён прызнаў віну і абавязаўся выдаліць абразлівыя каментары.
  • Затрымалі супрацоўніка Гродзенскага мясакамбіната. У жніўні 2020 года «пад уплывам пратэстных Telegram-каналаў» ён пачаў распаўсюджваць экстрэмісцкія матэрыялы. Ён прызнаў віну і абавязаўся выдаліць матэрыялы са сваёй старонкі. Хлопец паведаміў, што не ўдзельнічаў ні ў адным мітынгу і цяпер лаецца з жонкай «праз Расію і Украіну».
  • Жыхара Гродна затрымалі за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. У лютым 2020 года мужчына вызваліўся з лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Пасля гэтага паддаўся ўплыву «пратэстных інтэрнэт-рэсурсаў» і пачаў распаўсюджваць экстрэмісцкія матэрыялы ў сацсетках і абразу Аляксандра Лукашэнкі. Паводле версіі сілавікоў, яго абвінавачваюць паводле арт. 368, 367 і 370 КК. Ён прызнаў віну і абавязаўся выдаліць «забароненыя» матэрыялы са сваёй старонкі.

Музыканта Ігара Банцэра не выпусцілі пасля 15 сутак на Акрэсціна

Аб гэтым «Свабодзе» паведамілі яго сваякі. Яны лічаць, «задача сістэмы — пераканаць Ігара не заставацца ў Беларусі».

Раней паведамлялі, што на Банцара склалі 18 «адміністратывак».

Ігар Банцэр. Фота: героя

Асудзілі сантэхніка

22 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна асудзілі Сцяпана Васілевіча — сантэхніка адной з арганізацый. Абвінавацілі яго ў абразе супрацоўніцы органаў унутраных спраў (арт. 369 КК). «Вясне» стала пра гэта вядома цяпер.

У адным з Telegram-каналаў быў размешчаны пост з інфармацыяй аб працы супрацоўніцы АУС і яе фатаграфіяй. Васілевіч, паводле матэрыялаў справы, апублікаваў там абразлівы каментар, які быў знойдзены супрацоўнікамі ўпраўлення па Гродзенскай вобласці ГУУБ МУС «падчас агляду Telegram-канала».

Сам Васілевіч на судовым працэсе сваёй віны не прызнаў і сцвярджаў, што каментар размясціў хтосьці іншы. Суддзя Маргарыта Ланцэвіч паставілася да гэтага крытычна і прыняла пад увагу паказанні сведкі з боку абвінавачвання — оперупаўнаважанага, які ўдзельнічаў у затрыманні Васілевіча. Па словах гэтага супрацоўніка, абвінавачаны «не адмаўляў», што каментар у адрас пацярпелай быў размешчаны з прычыны канфлікту, які ўзнік паміж імі падчас хакейнага матчу.

Сцяпану Васілевічу прызначылі пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хіміі».

17 жніўня суд Кастрычніцкага раёна горада Гродна асудзіў Таццяну Мацееўскую

Паводле матэрыялаў справы, Мацееўская 12 жніўня 2020 паставіла ў «Одноклассниках» ацэнку-рэакцыю «клас» пад выявай Лукашэнкі, якая суправаджаецца «абразлівым надпісам», паведамляе MAYDAY.

18 верасня 2020 года Мацееўская паставіла «клас» яшчэ пад адной выявай, дзе было пудзіла, якое намякала на Лукашэнку.

Праз алгарытмы сацыяльнай сеткі абедзве публікацыі сталі бачныя на асабістай старонцы жанчыны. Суд прызнаў, што сваімі дзеяннямі Мацееўская «нанесла шкоду гонару і годнасці» Аляксандра Лукашэнкі (арт.368 КК).

У выніку суддзя Уладзімір Пазняк прызначыў Таццяне Мацееўскай абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на два гады.

Гродзенца асудзілі на год калоніі за пратэстныя надпісы

19 жніўня Максіма Плятнёва ў судзе Ленінскага раёна Гродна асудзілі паводле арт. 341 КК «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці», паведамляе MAYDAY. Дзяржабвінаваўца запытаў пакаранне ў выглядзе паўтара года калоніі. Суддзя Руслан Гурын даў крыху менш — год калоніі агульнага рэжыму.

Мужчына размаляваў пратэстнымі надпісамі кіёск, тры электрападстанцыі, будынак цепласетак і два шматпавярхоўкі ў раёне вуліцы Пушкіна.

Раней Максіма прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па так званых «народных» артыкулах. Яго прызналі палітвязнем.

Палітвязня фігуранта «справы Аўтуховіча» Уладзіміра Гундара чакае 7 сутак карцэра

«Яму гэта ўжо абвясцілі, але калі загад будзе прывезены ў выкананне, невядома. Магчыма, гэта адбудзецца, калі з карцэра выпусцяць Вольгу Маёраву, бо цяпер яна знаходзіцца там. У сувязі з гэтым прасіў не перадаваць яму перадачы, каб не сапсаваліся. Лістоў ад таты не атрымліваю ўжо месяц», — напісала яго дачка, перадае «Вясна».

Уладзімір Гундар. Фота"Гродзенскай праўды"

Жыхара Зельвеншчыны асудзілі за распальванне варожасці ў дачыненні да расийскіх вайскоўцаў

Гродзенскі абласны суд разгледзеў справу 35-гадовага Сяргея Кірыковіча, якога абвінавачвалі па трох артыкулах КК: ч. 2 арт. 366 «Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы», ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», ч. 1 арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы», паведамляе «Вясна».

Мужчына з лістапада 2020 года па студзень 2022 года размясціў «ВКонтакте» абразы і пагрозы прымянення гвалту ў дачыненні да Лукашэнкі. Ён жа ў лютым 2022 года размясціў паведамленні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы ў дачыненні да расійскіх вайскоўцаў.

Суддзя Дзмітрый Бубенчык прысудзіў Кірыковіча да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сяргей Кірыковіч. Фота d*ssident.by

40-гадовага жыхара Ваўкавыска асудзілі за абразу Лукашэнкі і яго прэс-сакратара

Абвінавачаны з лістапада 2021 года пад публікацыямі ў «дэструктыўных» Telegram-каналах абразіў Аляксандра Лукашэнку, яго прэс-сакратара Наталлю Эйсмант і Генеральнага пракурора Андрэя Шведа. Мужчына прызнаў віну.

Швед заявіў грамадзянскі іск аб кампенсацыі маральнай шкоды — 10 000 рублёў. Іх ён папрасіў адправіць на разліковы рахунак цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Першамайскага раёна Мінска. Абвінавачаны гэта зрабіў да суда. Колькі ж ён адправіў добраахвотна, каб загладзіць шкоду.

У судзе Ваўкавыскага раёна мужчыну па ч.1 арт. 368, арт. 369 КК яго асудзілі на чатыры гады «хатняй хіміі» і штраф 1000 базавых велічынь (32 000 рублёў). Яго тэлефон канфіскавалі.

Палітзняволенаму журналісту і актывісту Саюза палякаў Анджэю Пачобуту прад’явілі новае абвінавачванне

У дадатак да ранейшага «распальвання варожасці» (арт.130 КК) Пачобуту прад’явілі абвінавачванне і ў «закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» (арт. 361 КК). Пра гэта стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Крымінальная адказнасць за заклікі да санкцый была ўведзена ў Беларусі з снежня мінулага года. На той момант Анджэй Пачобут ужо доўгі час знаходзіўся за кратамі. Ён мог заклікаць да санкцый, знаходзячыся ў СІЗА. Адвакат Пачобута — пад падпіскай аб неразгалошванні.

Анджэй Пачобут. Фота: Facebook.com

Яшчэ адна «справа Аўтуховіча»

У пракуратуры Гродзенскай вобласці расказалі падрабязнасці крымінальнай справы за абразу датычных да судовага працэсу па «справе Аўтуховіча». Асабістыя звесткі - прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар пашпарта, нумар мабільнага тэлефона, род заняткаў, адрас пражывання і інфармацыя аб аўтатранспарце супрацоўнікаў апублікавалі ў Telegram-каналах «Дзікае паляванне», «Каратели Беларуси», «Все нарушения!».

Размясцілі дадзеныя 11 чалавек — суддзі, супрацоўнікаў пракуратуры, праваахоўных органаў, якія датычныя да расследавання крымінальнай справы, і супрацоўнікаў турмы. Таксама ў сетцы распаўсюдзілі інфармацыю аб прыватным жыцці блізкіх сваякоў пракурорскіх работнікаў і суддзі.

Людзям, якія распаўсюдзілі асабістыя дадзеныя, пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі і штраф (ч.3 арт.203−1 КК), якія абразілі (арт. 369 КК) — да трох. Іх асобы высвятляюць.

Мікалаю Аўтуховічу перадалі некалькі лістоў ад бабулі і адно-ад дачкі

«Сказаў, што адпіша, калі будуць сілы… Ад іншых людзей лістоў на сённяшні дзень тата не атрымліваў…», — напісала яго дачка на мінулым тыдні.

З 1 жніўня Аўтуховіч пачаў піць ваду пасля сухой 21-дзённай галадоўкі. За гэты час ён страціў каля 25 кг. «У яго сур’ёзныя праблемы са здароўем — у тым ліку з ныркамі», — напісала дачка.

З 8 жніўня Мікалая пачалі прыводзіць на пасяджэнні суда. Ад яго патрабуюць уставаць пры адказах на пытанні суддзі і пракурора. Турэмны лекар сказаў, што Аўтуховіч можа ўставаць, адказваць і ўдзельнічаць у пасяджэннях.

Актывісты зноў ваююць з кнігамі

У краме «Территория biblio.by» прыбралі з продажу кнігу пра аднаполыя адносіны. Праўладныя Telegram-каналы абурыліся асартыментам у кнігарні «Территория biblio.by». Пасля гэтага кнігу «Лагер» Эл Сі Розен у крамах папрасілі прыбраць з продажу, як становіцца ясна з публікацыі Вольгі Бондаравай. Хто менавіта папрасіў прыбраць кнігу, не ўдакладняецца.

Беларусы звярнуліся у пракуратуру з нагоды ўтрымання пад вартай Мікалая Аўтуховіча

Заяўнікі не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, правамоцнымі звяртацца з хадайніцтвамі і скаргамі па крымінальнай справе ў інтарэсах Аўтуховіча. У зваротах не пазначана, якія працэсуальныя дзеянні і рашэнні закранаюць іх інтарэсы.

У гэтай сувязі падстаў для разгляду зваротаў па сутнасці не маецца, заключылі ў пракуратуры.

Гродзенскага фатографа Сяргея Марозава будуць судзіць

Затрыманне гродзенскага фатографа Сяргея Марозова на фестывалі «Лакацыя» пацвердзілася. Суд над фатографам адбудзецца 22 ці 23 жніўня. Справай супраць Марозава займаецца Ленінскі РАУС.

Інфармацыя пра затрыманне Сяргея Марозава з’явілася ў суботу 20 жніўня. Па непацверджанай інфармацыі да фатографа падышоў мужчына ў грамадзянскім і папрасіў паказаць тэлефон. Марозаў адмовіў і яго затрымалі.

Сергей Морозов. Фото: facebook.com/banifacyj

Як студэнткі ГрДУ выйшлі на антываенны пікет і ўцяклі ад крымінальнай справы

Ужо былая студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы (ГрДУ) Марыя Седышова магла б рыхтавацца да пачатку навучання на трэцім курсе. Замест гэтага ёй давялося тэрмінова збіраць рэчы і хавацца ад крымінальнага пераследу. Ксенія Каменка з’ехала ў Варшаву і падалася на праграму Каліноўскага. Наталля прызналася ў рэгістрацыі ў чат-боце «План Перамога» і з’ехала праз крымінальную справу. Якая атмасфера была ва ўніверсітэце апошнія два гады і што змянілася, тры студэнткі расказалі Hrodna.life.

У Гродне з’явіўся Telegram-канал, які дэананімізуе ўдзельнікаў пратэсту

У канале пад назвай «Поступи по совести» посцяць дадзеныя людзей, іх нікнэйм і скрыншоты паведамленняў. Ім прапануюць прыйсці ў ГУБАЗ для прафілактычнай гутаркі і выдаліць усе свае каментары. Стваральнікі канала сцвярджаюць, што пасля гэтага іх адпусцяць.

У Гродзенскай вобласці ліквідуюць яшчэ дзве арганізацыі: фонд «Паўночныя Афіны» і аб’яднанне ветэранаў

Мясцовы дабрачынны фонд «Паўночныя Афіны М. К. Агінскага» і Грамадскае аб’яднанне ветэранаў-аднапалчан, удзельнікаў баёў за Гродна ў 1941−1944 гадах ліквідуюць праз Гродзенскі абласны суд. Стваральнікі фонду планавалі адрадзіць сядзібу Агінскага і зрабіць Залессе культурным цэнтрам.

Агент, шпіён, завербавалі ў 2017-м: што казалі пра Дзяніса Івашына прапагандысты ў першы дзень суда

Займаўся ўкідамі, збіраў інфармацыю пра сілавікоў, меў куратара ў СБУ — гэта толькі частка абінавачанняў, якія агучылі супраць журналіста Дзяніса Івашына дзяржаўныя прапагандысты. Івашына пачалі судзіць у Гродзенскім абласным судзе 15 жніўня.

Яго судзяць у закрытым судовым пасяджэнні - у працэсе будуць «дзяржаўныя таямніцы», паведамляе «Новы Час».

Дзяніса Івашына вядуць у залю суда. Крыніца: sb.by

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024