Гродзенскі мексіканскі бар «Los Amigos» працуе зноў. Пра гэта ўладальнікі паведамілі ў сваім Instagram. Раней у іх былі праблемы з арэндай, яны ледзь не страцілі памяшканне.
«Мы разам з табой выратавалі Los Amigos», — напісалі ў Instagram бара. Hrodna.life патэлефанаваў уладальніку Сяргею Віктараву. Ён не распавёў, як выйшлі з крызіснай сітуацыі, спаслаўшыся на тое, што не хоча гэта ўзгадваць.
Якая пазыка была ў бара
Арандатар абмежаваў уладальнікам бара ўваход у памяшканне ў канцы красавіка 2022 года. Прычына — пазыкі за арэнду і камунальныя паслугі, якія назбіраліся за некалькі месяцаў. Каб разлічыцца, трэба было сабраць 10 тыс. рублёў. Уладальнікі збіралі сярод кліентаў і сябраў бара дэпазіты (іх можна выдаткаваць у бары пасля аднаўлення працы) і ахвяраванні.
Акрамя гэтага, сумесна з іншымі гродзенскімі барамі «Los Amigos» арганізаваў збор данатаў у барах «Куба», «Бухта» і «5'Nо».
З-за чаго былі праблемы
За апошнія два месяцы да вымушанага закрыцця прыбытак бара не пакрываў арэнду і камунальныя плацяжы. «Не хапіла крыху часу, каб выйсці на патрэбныя сумы, бо шлях развіцця ўжо быў вызначаны (пікнікі, шыльда, анлайн і афлайн рэклама, акцыі…)», — напісалі ў красавіку 2022 года ў Instagram бара.
Як даўно працуе Los Amigos
Бар «Los Amigos» адкрылі ў лютым 2020 года на вуліцы Урыцкага, 26. Ён спецыялізуецца на мексіканскай кухні і аформлены ў мексіканскай тэматыцы. На сценах можна ўбачыць самбрэра і «мексіканскія» сувеніры. Там падаюць традыцыйныя стравы Мексікі: бурыта, кесадылью, начос. Сярод напояў можна пакаштаваць ліманады, тэкілу і сангрыю.
Побач можа з’явіцца яшчэ адзін бар
На другім паверсе камяніцы ў канцы 2021 года адкрылі апарт-гатэль «У Груши». Яго гаспадыня валодае таксама 40 кв. м на першым паверсе. Там яна хоча адкрыць кафэ-бар для сваіх пастаяльцаў і гараджан. Да лета 2022 года яна планавала пачаць будаўнічыя працы. Разам з уладальнікамі бара Los Amigos яна хацела ўпарадкаваць унутранны дворык і зрабіць летнюю пляцоўку.