Гродзенскі бар «Los Amigos» збірае грошы, каб разлічыцца з даўгамі за арэнду і камунальныя паслугі. Іх назбіралася на 10 тыс. рублёў. Праз гэта ўладальніку закрылі доступ да памяшкання, пакуль ён не разлічыцца.

Бар Los Amigos збірае ахвяраванні, каб не закрыцца. Уласнік памяшкання ўжо прапануе яго новым арандатарам
Памяшканне дзе знаходзіцца бар «Los Amigos» выставілі на арэнду. Фота: Hrodna.life

Арэндадаўца: «Надзея памірае апошняй»

Бар «Los Amigos» размяшчаецца на першым паверсе ў камяніцы на вуліцы Урыцкага, 26. На вокнах бара ўласнік памяшкання Ігар Гарбуноў ужо павесіў аб’яву, што здае яго ў арэнду.

«Што будзе з барам?» — запытаўся ў Гарбунова журналіст Hrodna.life, які прыйшоў пад выглядам зацікаўленага ў арэндзе прадпрымальніка. «А вам уладальнік грошай вінен?» — адказаў уласнік.

Што тычыцца арэнды ці выкупа бара, ён папрасіў пачакаць. «Пакуль рана казаць. Бар яшчэ можа вярнуцца, можа расплоцяцца, — сказаў арэндадаўца. — Надзея памірае апошняй».

Бар Los Amigos збірае ахвяраванні, каб не закрыцца. Уласнік памяшкання ўжо прапануе яго новым арандатарам
Памяшканне дзе знаходзіцца бар «Los Amigos» выставілі на арэнду. Фота: Hrodna.life

Як назбіралася запазычанасць на 10 тысяч рублёў?

Дырэктар бара Сяргей Віктараў аб’явіў збор ахвяраванняў і дэпазітаў сярод сваіх прыхільнікаў. За першыя тры дні яны сабралі 20% ад патрэбнай сумы. Тэрмін для сплаты пазыкі - два тыдні. «Так, мы аблажаліся! Але выпраўляем памылкі», — напісалі на старонцы бара ў Instagram.

За апошнія два месяцы прыбытак бара не пакрываў арэнду і камунальныя плацяжы. «Не хапіла крыху часу, каб выйсці на патрэбныя сумы, бо шлях развіцця ўжо быў вызначаны (пікнікі, шыльда, анлайн і афлайн рэклама, акцыі…)», — напісана ў Instagram.

Кошт арэнды бара ў месяц — 900 еўра. Уласнік памяшкання не пайшоў насустрач арандатару і не зафіксаваў аплату ў рублях, калі курсы валют гвалтоўна выраслі ў сакавіку. У некаторых іншых месцах Гродна арэндадаўцы аказаліся больш лаяльнымі і знізілі цэны арэнды.

Як бар збірае грошы

Уладальнікі бара прапанавалі сваім кліентам тры варыянты дапамогі.

Першы — дэпазіт. Можна зрабіць грашовы ўнёсак, а пасля аднаўлення працы бара яго можна будзе выдаткаваць на ежу і напоі.

Другі - бязвыплатная дапамога. Бар прыме грашовую дапамогу, калі госці гатовыя ахвяраваць нейкую суму.

Трэці - рэпост і распаўсюд інфармацыі праз сацыяльныя сеткі. Такім чынам можна распавесці пра праблему і выратаваць бар, лічаць уладальнікі.

«Мы звярнуліся менавіта да нашых сяброў, сталых кліентаў, тых, хто любіць наш бар», — удакладніў у размове з Hrodna.life дырэктар.

Бар Los Amigos Гродно Урицкого
У бары «Los Amigos». Крыніца: Instagram

Як дапамагаюць іншыя бары

Сумесна з іншымі гродзенскімі барамі «Los Amigos» арганізаваў збор данатаў за «Тэкілу з сангрытай». Кожнага, хто зрабіў ахвяраванне, частавалі тэкілай. Такія акцыі адбыліся ў барах «Куба» і «Бухта» 29 і 30 красавіка, а таксама ў бары «5NO» 1 траўня.

Бар «Los Amigos» адкрылі ў лютым 2020 года. Ён спецыялізуецца на мексіканскай кухні і аформлены ў мексіканскай тэматыцы. На сценах можна ўбачыць самбрэра і «мексіканскія» сувеніры. Там падаюць традыцыйныя стравы Мексікі: бурыта, кесадылья, начос. Сярод напояў можна пакаштаваць ліманады, тэкілу і сангрыю.

Бар Los Amigos Гродно Урицкого
У бары «Los Amigos». Крыніца: Instagram

Побач можа з’явіцца яшчэ адзін бар

На другім паверсе камяніцы ў канцы 2021 года адкрылі апарт-гатэль «У Груши». Яго гаспадыня валодае таксама 40 кв.м на першым паверсе. Там яна хоча адкрыць кафэ-бар для сваіх пастаяльцаў і гараджан. Да лета 2022 года яна планавала пачаць будаўнічыя працы. Разам з уладальнікамі бара Los Amigos яна хацела ўпарадкаваць унутранны дворык і зрабіць летнюю пляцоўку.

Бар Los Amigos Гродно Урицкого збірае ахвяраванні, каб не закрыцца
Дворык на Урыцкага, 26. Фота: Hrodna.life

Чытайце таксама: У старой камяніцы ля турмы адкрылі апарт-гатэль і плануюць зрабіць кавярню