У гасцініцах Гродна для гасцей фестывалю падрыхтавалі 800 месцаў, расказала начальніца ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры 25 мая. У горадзе будзе працаваць 170 пунктаў грамадскага харчавання сумарна на тры тысячы пасадачных месцаў, а ў рамках трохдзённага фестывалю пройдзе больш за 50 мерапрыемстваў. Сёлета над фестывалем працуюць новыя рэжысёры.

«Галоўная ідэя фестывалю — паказаць тыя ўмовы [жыцця] людзям розных нацыянальнасцяў, якія жывуць на нашай зямлі і расказаць нам усім пра тое, чаму яны выбралі Беларусь сваёй другой радзімай», — сказала Алена Клімовіч. На 17 падворках будзе прадстаўлена 31 дыяспара.

Сёлета ўпершыню на фестываль нацыянальных культур запрасілі прадстаўнікоў беларусаў замежжа, распавяла дырэктарка Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка. У якасці іх у Гродна прыедуць два калектывы — «Рэтра-Хіт» ад грамадскай арганізацыі беларусаў Санкт-Пецярбурга і народны калектыў «Надзея» з Рыгі разам са старшынёй Саюза беларусаў Латвіі. Яны прымуць удзел у гала-канцэрце і выступяць на другі дзень на беларускім падворку.

Кветкі нацый на шэсці дыяспар

Асноўныя мерапрыемствы фестывалю пачнуцца 3 чэрвеня, у пятніцу ў 20:00 з шэсця дыяспар. Яно пройдзе ад плошчы Леніна да Савецкай плошчы.

Адным з акцэнтаў цырымоніі шэсця стане прадстаўленне не толькі культуры, касцюмаў, музыкі і харэаграфіі розных народаў. Кожная нацыянальнасць прадставіць кветку свайго народа, якая з’яўляецца сімвалам і адлюстроўваецца ў нацыянальных арнаментах. На чале кожнай дыяспары будзе ісці дзяўчына з інсталяцыяй у выглядзе такой кветкі, распавяла адна з рэжысёраў фестывалю Агата Мацко.

Кветкі нацый, дзяўчаты з легендамі і 170 кропак харчавання. З'явіліся новыя падрабязнасці пра фестываль нацыянальных культур у Гродне
Падчас фестывалю нацыянальных культур, 2002 год. Фота: Яраслаў Ванюкевіч

На сцэну змесцяць аркестар і ансамблі разам

Шэсце адразу пяройдзе ў цырымонію адкрыцця і гала-канцэрт. Сцэнічны комплекс вырашылі максімальна павялічыць, каб там маглі адначасова размесціцца прэзідэнцкі аркестр у поўным складзе і ўсе харэаграфічныя ансамблі дыяспар разам з салістамі.

Чытайце таксама: Сцэна Фестывалю нацыянальных культур у 2022 годзе каштуе ў 8 разоў даражэй звычайнага. Ёсць эскізы

Сёлета не будуць дзяліць асобна нумары дыяспар і нумары прадстаўнікоў беларускай культуры. Усе нумары выступяць дуэтамі - харэаграфічнымі, інструментальнымі або вакальнымі. Беларускія артысты паўстануць у новых якасцях: напрыклад, вакалісты ў ролі інструменталістаў. Гала-канцэрт завершыцца святочным салютам, пасля яго пачнецца канцэрт Руслана Аляхно.

Дзяўчаты раскажуць нацыянальныя легенды

На другі дзень, 4 чэрвеня, нацыянальныя падворкі пачнуць працаваць, а 12.00. Вялікае значэнне нададуць працы беларускага падворка, з якога і пачнецца асноўная праграма другога фестывальнага дня. Там прадставяць усе рэгіёны Беларусі з іх рэгіянальнымі асаблівасцямі. Фестываль арыентаваны на розныя ўзросты: у парку Жылібера будуць працаваць інтэрактыўныя моладзевая і дзіцячая пляцоўкі, спартыўная і пляцоўкі грамадскіх аб’яднанняў. У культурным цэнтры «Фестывальны» прэзентуюць кнігу аб гісторыі фестывалю.

Чытайце таксама: Як размесцяць нацыянальныя падворкі Фестываля культур у Гродне (схема і поўная праграма свята)

Таксама 4 чэрвеня пройдзе «свята грацыі і творчасці», распавёў рэжысёр Кірыл Селіванаў. У ім прымуць удзел 13 дзяўчат — прадстаўніц розных нацыянальнасцяў. Удзельніцы будуць апранутыя ў нацыянальныя касцюмы. Дзяўчаты раскрыюць сваю нацыянальнасць і індывідуальнасць праз творчы нумар, які максімальна апісвае іх культуру. Таксама яны раскажуць нацыянальныя легенды. Удзельніц не будуць ацэньваць, гэта не конкурс, а прадстаўленне дыяспар. Увечары 3 чэрвеня з 22.00 і днём 4 чэрвеня ў кінатэатры «Чырвоная зорка» будзе працаваць кінадворык. Кінапаказы разлічаны не толькі на дарослых, але і на дзяцей.

Чытайце таксама:

Трэці дзень і афіцыйнае закрыццё фестывалю пройдзе на Аўгустоўскім канале. Там таксама арганізуюць інтэрактыўныя пляцоўкі, будуць працаваць рамеснікі з Гродзенскай вобласці, на канцэртнай пляцоўцы выступяць творчыя калектывы, будуць зоны для дзяцей. Можна будзе пракаціцца на параходзе па канале.

Кветкі нацый, дзяўчаты з легендамі і 170 кропак харчавання. З'явіліся новыя падрабязнасці пра фестываль нацыянальных культур у Гродне
Падрабязная праграма фестывалю

Чытайце таксама: Фестивалю национальных культур исполнилось 25 лет. Как он изменился за эти годы