Рэканструкцыя коннага бою XVII стагоддзя, дударскі батл і шатландская пяхота — усё гэта будзе на фестывалі «Крэва на скрыжалях часу» 15 чэрвеня. Фэст у Крэве прысвечаны 465-годдзю атрымання ім Магдэбургскага права ў 1559 годзе.

Свята адкрыюць маршам ганаровай Крэўскай варты, на вартаўнічай вежы ўздымуць харугву, чакае тэатралізаваны паказ «Здарэнне на вежы», піша БелТА са спасылкай на Смаргонскі райвыканкам.

Галоўнай падзеяй фестывалю ў Крэве стане рэканструкцыя коннай бітвы XVII стагоддзя. У ёй прымуць удзел рэканструктары з Мінска, Бабруйска, Брэста і мясцовы клуб «Крэўскія гайдукі». Госці змогуць убачыць, як воіны спаборнічаюць у майстэрстве валодання пікамі і шаблямі, а таксама даведацца пра мясцовую пароду коней, з якой была выведзена беларуская запражная парода.

На фестывалі прадставяць традыцыйныя касцюмы XVII стагоддзя, зброевыя комплексы таго часу, чакаюць паказальныя выступы клубаў рэканструктараў, музычныя спаборніцтвы дудароў і канцэрты традыцыйных калектываў. Акрамя таго, госці змогуць наведаць кірмаш рамеснікаў, фотазону,
паўдзельнічаць у танцах, песнях і дзіцячых гульнях.

У замкавым двары размесцяць часовую выставу з фондаў Смаргонскага музея, прысвечаную гісторыі аграгарадка Крэва і Крэўскага замка з моманту яго ўзвядзення ў XIV стагоддзі да сённяшніх дзён. Экспазіцыю дапоўняць узорамі кафлі XV-XVII стагоддзяў, фрагментамі шкляных вырабаў і посуду, знойдзенымі падчас раскопак.

Праграма фестывалю

12.00 — тэатралізаванае адкрыццё фестывалю. Штурм Вартавой вежы на Юравай гары;
12.30 — парад удзельнікаў;
13.00 — «Крэўская дэфіляда» — паказ традыцыйных касцюмаў XVII ст.;
13.15 — «Шкоты ў Крэва» — паказальнае выступленне шатландскай пяхоты;
13.30 — адкрыццё выставы ў замку;
14.00 — конны турнір;
15.00 — «Залатая шабля» — турнір па валоданні традыцыйнай шабляй;
16.00 — «Дударскі батл» — паказальнае спаборніцтва музыкаў-дудараў;
17.00 — «Крэўская бітва» — галоўная баталія фестывалю.

На працягу праграмы — выступы музычных калектываў «Хмяльны вір», «Тотэн дэнс», «Арацэя».

Дзе: Гродзенская вобласць, Смаргонскі раён, аграгарадок Крэва, Крэўскі замак.

Калі: 15 чэрвеня, 12.00−18.00.

Квіткі: 10 руб. для дарослых, 5 руб. дзецям 7−17 гадоў.

Чытайце таксама: У Крэўскім замку раскапалі трэцюю вежу. Але не ўсе гісторыкі ўзрадаваліся (абноўлена)