Археолагі пры раскопках у Крэве адкрылі масіўныя падмуркі наўпрост пад сцяной замка. «Падобна, што патрапілі на вялікі старадаўні будынак», — паведамляюць на старонцы Kreva Park. Пазней археолагі паведамілі, што адкапалі падмурак трэцяй вежы, невядомай раней ні на выявах, ні на планах, ні ў апісаннях. Некаторыя гісторыкі лічаць, што такія знаходкі - не сенсацыя, а дыскрэдытацыя сферы.

«Магу амаль з упэўненасцю сказаць, што мы знайшлі трэцюю вежу Крэўскага замка. Гэта вялікі падмурак шырынёй каля двух метраў. Праўдападобна, што менавіта ў гэтым месцы войскі князя Свідрыгайлы ў 1433 годзе прарваліся на замак. Вежа была пашкоджана і больш не аднаўлялася. Гэта адкрыццё перакрэслівае меркаванне, якое панавала дзесяцігоддзямі: што Крэўскі замак быў досыць прымітыўны, трапецыя з дзвюма вежамі. Высвятляецца, што структура замка была больш складаная і больш разгалінаваная», — сказаў Алег Дзярновіч, кіраўнік раскопак.

Пакуль раскоп закансервуюць.

Дыскрэдытацыя археалогіі?

Гісторык і культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка не падзяліў радасць гісторыкаў.

«Слухайце, а як гэта магчыма на трэцім (ці чацвертым?) дзесяцігоддзі археалагічных даследванняў замка знайсці новую вежу? А як гэта магчыма другое (ці трэцяе?) дзесяцігоддзе ладзіць рэстаўрацыйныя працы без такой падставовай інфармацыі? Ці гэта не татальная дыскрэдытацыя археалогіі і так званай навуковай рэстаўрацыі?», — спытаў ён ў Facebook.

Яго пытанне выклікала дыскусію на некалькі дзясяткаў каментароў. Гісторыкі паведамляюць, што пра трэцюю вежу было вядома яшчэ ў міжваенны час. Прычынамі таго, што яе не знайшлі раней, назвалі недахоп фінансавання і недакладныя звесткі. А таксама — «спецыфіку» беларускай археалогіі. Некаторыя ж лічаць, што трэба быць гатовым да адкрыццяў у працы.

 — Абурэнне падзяляю. Але пры чым тут дыскрэдытацыя археалогіі і навуковай рэстаўрацыі? Метадалогія ж парушаная. Дыскрэдытацыя не галіны, а асобных удзельнікаў. Спачатку вычарпальна трэба даследаваць, а пасля праект рабіць. + тут працуе беларуская спецыфіка, калі на праект і будоўлю грошы даюць значна ахвочай за даследаванні (і іх трэба асвоіць, бо не дадуць больш і аб’ект будзе развальваецца), — напісаў гісторык Раман Забела.

Руіны Крэўскага замка прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння. Гэта адзін з найстаражытнейшых замкаў на тэрыторыі былога ВКЛ. У 1383 годзе з яго ўцёк палонны Вітаўт. Яго бацьку, Кейстута, прэтэндэнта на трон, задушылі ў замку па загадзе Ягайлы. 14 жніўня 1385 года там падпісалі Крэўскую унію паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім.

Раней стала вядома пра ліквідацыю фонда «Крэўскі замак», які праводзіў летнікі, археалагічныя лагеры і культурныя мерапрыемствы ў Крэве і іншых населеных пунктах.