Гродзенская кампанія «Гранітэкс» падала ў суд на гандлёвы цэнтр «Карона», што на вуліцы Горкага. Прадпрыемства, як уласнік памяшкання, патрабуе сплаціць амаль 950 тыс. рублёў за «невыкананне абвязкаў па дамовах арэнды». Першае судовае пасяджэнне адбылося 25 траўня ў Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці.

Гандлёвы цэнтр “Карона” вінен “Гранітэксу” амаль 1 млн рублёў. Справа дайшла да суда (абноўлена)
Рынак «Карона». Фота: Hrodna.life

Колькі грошай хоча «Гранітэкст» і за што?

«Гранітэкст» патрабуе ў «Кароны» 836 563 рублі, а таксама 106 644 рублі працэнтаў. Пра гэта напісаў адзін з набліжаных да ўлады Telegram-каналаў. Цягам года ў гэтым канале з’явілася не менш за восем пастоў са спробай дыскрэдытаваць дырэктара «Кароны» і з намёкамі на судовую справу.


UPD. Паводле інфармацыі таго ж Telegram-канала, Эканамічны суд амаль цалкам задаволіў патрабаванні «Гранітэкс»

«Мы пайшлі на выдаткі падчас каранавіруса і не змалі сваечасова разлічыцца з „Гранітэкст“. Таму былі налічаны санкцыі», — сказаў Hrodna.life генеральны дырэктар ЗТАА «Карона» Кірыл Дарашук. «Гэта звычайнае працоўнае пытанне», — дадаў Дарашук. Паводле інфармацыі Hrodna.life, «Карона» і раней мела затрымкі са сплатай арэнды, але заўсёды выконвала абавязкі і дамаўлялася з арэндадаўцам, каб справа не даходзіла да суда.

Hrodna.life патэлефанаваў у «Гранітэкс», каб даведацца падрабязнасці судовай справы. Юрыстка кампаніі сказала, што яна неўпаўнаважаная адказваць. Дырэктарка прадпрыемства Святлана Смірнова была на нарадзе і адказаць не змагла.

Што было падчас каранавіруса

Гандлёвы комплекс «Карона» арандуе памяшканні ў дзяржаўнага прадпрыемства. З пачаткам пандэміі каранавіруса, калі пакупнікоў у гандлёвых цэнтрах стала менш, дырэктар «Кароны» Кірыл Дарашук паабяцаў «дапамагаць арандатарам чым зможам». Прадпрымальнікам сапраўды знізілі арэндную плату, але адначасова патрабавалі трымацца адзінага графіку працы. У прыватнасці - працаваць з 16.00 да 20.00. Незадаволеным прапаноўвалі пераязджаць на іншыя рынкі.

Пры гэтым у красавіку 2020 года самой «Кароне» адмовілі ў зніжэнні арэнды. Яна нават вырасла з-за росту базавай арэнднай велічыні. Кампанія чакала выхаду ўказа прэзідэнта, які б прадугледжваў, сярод іншага, падтрымку арандатараў дзяржмаёмасці. Але не было вядома ці патрапіць «Карона» пад яго дзеянне.

Чытайце таксама: