Навіны

Гродзенца адпусцілі з СІЗА, збіраюць дапамогу ўкраінскім бежанцам, адвакатка эмігравала. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Андрэю Сцепаненку з Гродна змянілі меру стрымання — яго адпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. На «Гроднажылбуд» збіраюць дапамогу бежанцам з Украіны. Пазбаўленая ліцэнзіі адвакатка Юлія Юргілевіч з’ехала з Беларусі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 4 па 10 красавіка.

Затрыманні

Затрыманы ў Шчучыне. Скрыншот Hrodna.life
  • Жыхара Шчучына затрымаў ГУБАЗ за тое, што ўвосень 2021 года ён прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «Перамога». Ён прызнаў віну і раскаяўся. Пра далейшы лёс затрыманага ў праўладным Telegram-канале не паведамілі.
  • Раніцай 6 красавіка дома ў Гродне затрымалі 45-гадовую Іну Шырокую. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што яе забіраюць у мінскі следчы камітэт за «падзеі 2020 года». У жанчыны трое непаўналетніх дзяцей. Пакуль яе статус, артыкул і месцазнаходжанне невядомыя, паведамляе «Вясна».

Ігара Банцэра зноў будуць судзіць

Цяпер — за камунальныя паслугі, якія ён павінен быў заплаціць, калі знаходзіўся на «хіміі», піша Б**сат. Запазычанасць склала 81,66 рублі плюс пошліна 64 рублі. Банцэр плаціць не хоча, бо са 130 дзён ён правёў 82 дні ў штрафным ізалятары.

Суд па іску папраўчай установы адкрытага тыпу № 9 у Віцебску да Ігара Банцэра пройдзе 11 красавіка ў 14.10 у судзе Ленінскага раёна Гродна. Фота позвы былы палітвязень выклаў у сябе ў Facebook.

Чытайце таксама: Былога палітвязня Ігара Банцэра выклікалі ў Следчы камітэт

Пазбаўленая ліцэнзіі адвакат Юлія Юргілевіч з’ехала з Беларусі

Юлія Юргілевіч. Фота: gka.grodno.by

Юргілевіч была адвакаткай юрыдычнай кансультацыі Кастрычніцкага раёна Гродна. 23 лютага яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства». Неўзабаве яе чакала пазбаўленне ліцэнзіі.

Юлія была адвакатам па многіх «палітычных» справах, узбуджаных пасля выбараў-2020. Яна абараняла Алеся Пушкіна, Вадзіма Ермашука, трох абвінавачаных па «справе Зельцара». Яны былі вымушаныя шукаць новага абаронцу.

На «Гроднажылбуд» збіраюць дапамогу бежанцам з Украіны

На прадпрыемстве збіраюць не менш за 1 рубль ад сябра прафзвязу. Здадзеныя грошы будуць фіксаваць у ведамасцях і штодня накіроўваць на разліковы рахунак.

«Паважаныя калегі, 30.03.2022 на Прэзідыуме Савета ФПБ Орда М. С. папрасіў кожную першасную прафсаюзную арганізацыю прыняць удзел у аказанні дапамогі бежанцам з Украіны. Для гэтай мэты ў Гродзенскай вобласці адкрыты свой разліковы рахунак», — напісалі ў чаце супрацоўнікаў.

Палітвязня Алеся Пушкіна змясцілі ў карцэр

«Натуральна, ніякіх навін ад Алеся няма, — распавяла „Народнай Волі“ Яніна, жонка мастака. — На гэтым тыдні я спрабавала патрапіць да мужа, прыехала ў Мінск у следчы ізалятар на Валадарскага, але мяне не пусцілі. Сказалі, што сустрэча немагчыма, бо вязень адбывае пакаранне ў карцары. А выйсці з яго павінен, здаецца, толькі 11 красавіка».

Яніна Пушкіна кажа, што не валодае інфармацыяй ні пра стан здароўя мужа, ні пра тое, ці будзе ён абскарджваць рашэнне першай судовай інстанцыі.

Алеся Пушкіна ў закрытым судовым пасяджэнні асудзілі на пяць гадоў калоніі. Палітвязня абвінавачвалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Алесь Пушкін на судзе. Фота: sputnik.by

Змена меры стрымання

Андрэю Сцепаненку з Гродна змянілі меру стрымання — яго адпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. Пра гэта Андрэй напісаў у Instagram. Ён адзначыў, што не паведаміў пра гэта, каб «не спудзіць удачу».

Андрэя затрымалі ў лютым і не выпусцілі пасля адміністрацыйнага арышту. А 14.45 13 красавіка яго пачнуць судзіць паводле арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» у судзе Кастрычніцкага раёна.

Андрэй Сцепаненка. Фота: сацсеткі героя

Суд аб экстрэмізме

11 красавіка пройдзе судовае пасяджэнне аб прызнанні экстрэмісцкай кнігі Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі, сімвалы, колеры». Заяўнік — пракурор Гродна Уладзімір Клішын. Віктар Ляхор выступае па справе зацікаўленай асобай. Пасяджэнне пройдзе 11 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Суддзя — Вольга Шуманская.

Аб прызнанні экстрэмісцкай кнігі прасіла актывістка «ІнфаСпецНаз» Вольга Бондарава.

Гродзенца будуць судзіць за абразу ў траўні 2020 года

14 лютага Гродзенскі міжраённы аддзел следчага камітэта распачаў крымінальную справу па арт. 369 КК за каментар з абразай супрацоўнікаў праваахоўных органаў, паведамляе міліцыя Гродна.

За гэта будуць судзіць непрацуючага жыхара Гродна. Паводле яго слоў, ён «паддаўся ўплыву дэструктыўных крыніц інфармацыі», папрасіў прабачэння і раскайваецца ў зробленым.

Упраўленне валодае інфармацыяй аб іншых фактах «злачыннай дзейнасці» яго атачэння.

Гродзенца будуць судзіць за абразу ў траўні 2020 года. Скрыншот Hrodna.life

Мужчыну асудзілі за абразу прэзідэнта ў 2020 годзе, а прызначылі 2,5 года «хіміі» па новай рэдакцыі Кодэкса

У судзе Ашмянскага раёна вынесены прысуд у дачыненні да Ягора Багдзевіча, якога абвінавачвалі ў абразе прэзідэнта па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса, паведамляе «Вясна».

Паводле абвінавачвання, Ягор з дапамогай спецыяльнага дадатку зрабіў 10 ролікаў з урыўкамі з фільмаў і музычных кліпаў працягласцю да 10 секунд, у якіх твар кінагероя або спявачкі мяняў на твар Лукашэнкі. Ён размясціў ролікі ў гарадской групе ў Telegram.

«Вясна» адзначае, што злачынства, якое ставіцца ў віну Ягору, было здзейснена да ўступлення ў сілу змяненняў у Крымінальны кодэкс. Па той рэдакцыі Кодэкса, абвінавачанаму па ч. 1 арт. 368 не можа быць прызначана больш за два гады абмежавання або пазбаўлення волі. Аднак суддзя Віталь Казакевіч прызначыў Багдзевічу 2,5 года «хіміі».

JYSK прыпыняе працу ў Беларусі з 18 красавіка

Кампанія прыпыніць працу крам, замовіць праз сайт таксама не атрымаецца. Заказы, аформленыя раней, будуць выкананы, паведамляецца на сайце JYSK. У Расіі JYSK паведаміў аб закрыцці 3 сакавіка. У Беларусі прайшло крыху больш за месяц з моманту «працягваем працаваць у штатным рэжыме» да «праца часова прыпыненая».

Польскія школы ў Гродне і Ваўкавыску з наступнага навучальнага года перавядуць на рускую або беларускую мовы навучання

Кіраўніцтва школы № 36 паведаміла аб планаваных зменах на бацькоўскім сходзе і спаслаліся на Кодэкс аб адукацыі. Закон не прадугледжвае выкладанне на мове нацыянальных меншасцяў - толькі на адной з дзяржаўных моў.

Бягучы навучальны год будзе апошнім, які завершыцца экзаменамі па польскай мове. Назва школы «з польскай мовай навучання» з’явіцца на атэстатах таксама апошні раз. Зараз у Гродне ў такой школе навучаецца каля 620 вучняў, у Ваўкавыску — 250.

Уладальнік гродзенскага «Контэ Спа» патрапіў пад санкцыі з-за вайны ва Украіне

Валянцін Байко. Фота: Твой Стыль.

Дзевяць чалавек — прадстаўнікі беларускага бізнесу і Міністэрства абароны — патрапілі ў санкцыйны спіс Канады. Адзін з іх — уладальнік прадпрыемства «Контэ Спа» Валянцін Байко. Афіцыйная прычына ўключэння ў спіс — «садзеянне і дапушчэнне парушэння суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны». Асобам, уключаным у санкцыйны спіс, будзе забаронены ўезд у Канаду, а іх магчымыя актывы ў Канадзе будуць замарожаны. Прадстаўнікам Канады забаронена аказваць гэтым асобам любое садзеянне, гандляваць з імі, перадаваць і прадаваць тэхналогі і тэхніку.

Блогера Vadimati этапавалі ў бабруйскую калонію

Гродзенскага Instagram-блогера Вадзіма Ермашука (Vadimati) этапавалі ў папраўчую калонію № 2 ў Бабруйску. Гэта адбылося 27 сакавіка. Вадзіма асудзілі ў Шчучыне ў канцы снежня 2021 года на тры гады калоніі. Блогеры абвінавачвалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: здзек над дзяржаўнымі сімваламі (арт. 370) і абразу прэзідэнта (арт. 368). На думку дзяржабвінавачання, Вадзім наўмысна прынізіў Аляксандра Лукашэнкі і зняважыў дзяржаўны сцяг праз публікацыі ў Instagram.

Блогер Vadimati. Фота: героя

Прэзідэнт Беластока патрабуе закрыць мяжу і спыніць гандаль з Беларуссю

Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі і кіраўнікі іншых польскіх гарадоў звярнуліся да ўраду з патрабаваннем спыніць гандаль і памежны рух з Беларуссю і Расіяй. Пра гэта яны заявілі 6 красавіка на прэс-канферэнцыі, што прайшла ля трасы з Беластоку ў пункт пропуску «Баброўнікі».

Замест «Таямніц Дамблдора» паказваюць «Брат». Чым запаўняюць пусткі ў кінапракаце Гродна

Беларускія кінааматары так і не змаглі паглядзець на вялікім экране новага «Бэтмена». У пракат не выйшлі таксама чаканыя «Морбіўс» з сусвету Sony/Marvel і «Фантастычныя пачвары. Таямніцы Дамблдора» з «поттарыяны». Hrodna. life праверыў, што замест іх прапануюць глядзець у кінатэатрах Гродна.

Кадр з фільма «Брат». Крыніца: kinopoisk.ru

Як рынак нерухомасці Гродна перажыў першы месяц з пачатку «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ва Украіне

«У першы дзень пасля пачатку расійскай „ваеннай спецаперацыі“ ва Украіне 5 пакупнікоў нерухомасці адмовіліся ад пакупкі. На працягу наступных пяці дзён мы „страцілі“ яшчэ 7 угодаў, пры чым па іх былі аформлены пагадненні пра задатак. Ініцыятарамі ва ўсіх выпадках выступалі пакупнікі. Нават нягледзячы на тое, што паводле правіл задатку яны гублялі грошы». Пра попыт на жылую і камерцыйную нерухомасць для Hrodna. life распавёў рыэлтар Уладзімір Пыльскі, заснавальнік ТАА «Крама нерухомасці».

Атрымаць апосціль можна будзе толькі па папярэднім запісе ў Мінску

Папярэдні запіс на атрыманне апосціля з 5 красавіка ўводзіць Міністэрства замежных справаў. Прычына — вялікая колькасць жадаючых. Гэта часовая мера. Запісацца на працэдуру прастаўлення апосціля можна толькі ў журнале запісу на прыём. Ён знаходзіцца на посце аховы ў Галоўным консульскім упраўленні МЗС у Мінску (вул. Карла Маркса, 37а). Запіс адбываецца па працоўных днях з 10:30 да 12:00. Жыхароў іншых гарадоў абяцаюць прымаць у парадку жывой чаргі: праз аднаго наведвальніка запісанага на прыём, па прад’яўленні пашпарта з адпаведнай рэгістрацыяй.

Пра вайну і адзінства нацый будуць размаўляць на Фестывалі нацыянальных культур у Гродне

Круглы стол пра «адзінства нацый і пакаленняў» пройдзе ў час Фестывалю нацыянальных культур-2022. Таксама на свяце пакажуць экспазіцыю і прэзентуюць кнігу пра Вялікую Айчынную Вайну. У галерэі імя Тызенгаўза [маецца на ўвазе не даўно існуючая прыватная «Галерэя Тызенгаўза», а новая прастора ў адноўленым будынку былога архіва — Hrodna.life] плануюць арганізаваць круглы стол «Беларусь наш агульны дом: адзінства нацый і пакаленняў». У ім павінна прыняць удзел старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Мерапрыемства плануюць трансляваць на YouTube.

Міністр прапануе выхоўваць дзяцей па суботах

Міністэрства адукацыі плануе пераглядзець рэкамендацыі аб правядзенні шостага школьнага дня. Па суботах дзецям плануюць выкладаць патрыятычнае выхаванне. Пра гэта 8 красавіка сказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас працоўнай паездкі ў Брэст.

Экспарт прадукцыі «Гродна Азот» паставілі на паўзу. Што плануюць рабіць далей

Праз санкцыі, якія ў 2021 годзе ўвялі супраць беларускіх прадпрыемстваў і іх кіраўнікоў, таксама праз ўзмацненне санкцый у сакавіку 2022 года, ААТ «Гродна Азот» цалкам працуе для пастаўкі ўгнаенняў на ўнутранны рынак. Экспартаваць прадукцыю плануюць у Расію.

«Зараз сконачана рэгістрацыя беларускіх азотных і комплексных угнаенняў для продажу на расійскім рынку. Прычым гэта сертыфікацыя пройдзена ў паскораным рэжыме: літаральна за некалькі месяцаў замест некалькіх гадоў», — сказаў прэм’ер-мінстр Беларусі Раман Галоўчанка.

Канфлікт у гродзенскім спорце: хтосьці піша ў КДБ і пракуратуру даносы пра «падпольную друкарню, разброд і хістанне»

Гродзенскія арыенціроўшчыкі падзяліліся. Частка з іх заклікае байкатаваць спаборніцтвы і трэніроўкі клуба «Кронан» і яго кіраўніка Эдварда Ародзя. Прычынай называюць скаргі на гарадскі цэнтр турызму і аднаго са спартсменам іншага клуба. У сакавіку 2022 года хтосьці адправіў іх у падатковую, следчы камітэт, КДБ і пракуратуру. Спартсмены вырашылі, што пішуць іх з «Кронана». Там жа адпрэчваюць абвінавачванні і рыхтуюць іск у суд.

На спаборніцтвах па бегавым арыентаванні Grodno Forest Days 26 сакавіка 2022 года. Фота: чытач Hrodna.life

«З нагоды наплыву ёсць сумненні». Ці вернуцца замежнікі ў бязвізавы Гродна

Бязвізавая зона «Брэст-Гродна», якую падкасіла пандэмія і палітычны крызіс у Беларусі, вяртаецца. З 3 красавіка замежнікі зноў могуць прыехаць у Гродна без візы. Але ці паедуць? Ці можна зараз паўтарыць поспех 2016−2020 гадоў? Гродзенскія спецыялісты са сферы турызму вераць, што турысты вернуцца, але сумняваюцца, што мінулыя поспехі бязвізу ўдасца вярнуць хутка. Экскурсаводы ж глядзяць у бок беларусаў і расіян, якіх у Гродна ўсё роўна прыязджае больш.

У Гродне на Савецкай з’явіліся сілуэты забітых у Бучы

Раніцай 7 красавіка на Савецкай плошчы ў Гродне з’явіліся малюнкі крэйдай з сілуэтамі людзей. У такіх жа позах ляжалі на вуліцы загінулыя ў Бучы (Украіна). Іх знайшлі пасля сыходу з горада расійскіх войскаў.

Малюнкі на Савецкай плошчы ў Гродне. Фота: Telegram-канал «Право имеют», 7 красавіка 2022
Пераход у Гродне. Фота: Telegram-канал «Право имеют», 7 красавіка 2022
Падзяліцца

Апошнія запісы

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024

Цяпер дабрацца з Гродна ў Віцебск можна без перасадак — гэта адзін з самых доўгіх маршрутаў у краіне

Маршрут праз усю Беларусь запусціла гродзенская фірма "Пазітыў-тур". Шлях з Гродна ў Віцебск складзе амаль…

20 снежня 2024

Гродзенец паказаў, як можна адбудаваць забыты ўсімі палац — атрымаўся б прывабны рэстаран-гатэль

Гродзенскі блогер і краязнаўца Яўген Аснарэўскі прадставіў першую канцэпцыю рэканструкцыі палаца роду Пшаздзецкіх. Калі б…

20 снежня 2024