У выдаведстве Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта выйшаў «Асацыятыўны слоўнік медыцынскай лексікі» Віктара Варанца і Мікіты Валько. У ім аўтары сабралі асацыяцыі на 305 медыцынскіх тэрмінаў, зразумелых і пацыентам. Такі слоўнік дапаможа лекарам пазбягаць слоў, асацыяваных у пацыентаў, напрыклад, са смерцю. Наклад усяго 50 асобнікаў.

«Слова „лекар“ беларусы ў сваёй мове выкарыстоўваюць значна часцей, чым слова „доктар“; слова „хворы“ выклікае асацыяцыю „смерць“ у 9% беларусаў, а слова „пацыент“ такую ж асацыяцыю толькі ў 2% апытаных; са словам „укол“ 21% нашых грамадзян звязваюць асацыяцыі „боль, страх“, а са словам „ін'екцыя“ — 9%; беларусы, на жаль, не ведаюць значэння такіх слоў, як вурзпель, недакроўнасць, ікаўка, валляк», — так прадставіў слоўнік адзін з аўтараў, Віктар Варанец, на сваёй старонцы ў Facebook.

Кожнае слова выклікае ў чалавека пэўныя асацыяцыі, асабліва ў медыцыне, патлумачыў Віктар Варанец Hrodna.life. Псіхасаматычны стан хворага часта залежыць ад трапнага слова. У слоўніку аўтары вызначылі словы-рызыкі, якія выклікаюць у пацыентаў асацыяцыю са смерцю, болем, жахам. Ім варта падбіраць сінонімы. Вызначэнне такіх слоў - цэлая метадалогія.

Першы прафесійны асацыятыўны слоўнік у Беларусі

У Беларусі за ўсю гісторыю выйшаў толькі адзін асацыятыўны слоўнік агульнаўжывальнай лексікі Алы Цітовай («Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы») у 1981 годзе. У ім было сабрана 300 слоў, якім адпавядалі пэўныя асацыяцыі. Праца па падрыхтоўцы такога слоўніка — доўгая і руцінная, таму амаль ніхто за іх не бярэцца, патлумачыў Віктар Варанец. На стварэнне асацыятыўнага слоўніка медыцынскай лексікі ў аўтараў сышло амаль два гады.

«Наш прафесійны асацыятыўны слоўнік, здаецца, першы на постсавецкай прасторы, — зазначыў аўтар. — Гэты слоўнік адкрывае дзверы для псіхадыягностыкі, псіхалінгвістыкі і іншых сумежных навук».

Наклад выдання — 50 асобнікаў. Такую сціплую лічбу Віктар Варанец патлумачыў вузкай прафесійнай скіраванасцю слоўніка. Але калі да яго з’явіцца цікаўнасць, магчыма будзе зрабіць перавыданне. Зараз кнігу можна купіць у шапіку Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта.

Чытайце таксама:

Пра аўтараў

Віктар Варанец — беларускі лексікограф і педагог. Працуе на кафедры рускай і беларускай моваў Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта 30 гадоў. З 2005 па 2020 год быў намеснікам дэкана медыка-псіхалагічнага факультэта. У 2013 годзе Віктара Варанца прызналі «Чалавекам года Гродзеншчыны». Варанец — кіраўнік універсітэцкага літаратурнага аб’яднання «Катарсіс», складальнік і суаўтар некалькіх літаратурных зборнікаў, аўтар гімна гродзенскага медуніверсітэта. Таксама ён напісаў 20 вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, шэраг артыкулаў па пытаннях беларускай тэрміналогіі.

Сярод выданняў Віктара Варанца — «Русско-белорусский медицинский словарь» (2005), першы «Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў» (2012), «Правілы беларускай арфаграфіі і тлумачэнні да іх» (2009), «Дыялектны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў Беларусі» (2016), «Беларуская мова. Прафесійная лексіка для медыкаў» (2018) і «Руска-беларускі слоўнік-даведнік лекавых раслін» (2018, супольна з Арцёмам Варанцом).

Мікіта Валько — студэнт 6 курса Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Для яго гэта першая грунтоўная навуковая праца.