Падазраванага ў рабаўніцтве ювелірнай крамы 31 студзеня затрымалі цягам гадзіны. Для яго пошукаў задзейнічалі спецплан. У ім удзельнічалі большасць міліцыянтаў Гродзенскай вобласці, расказалі у МУС.

Вечарам 31 студзеня ў ювелірнай краме на вуліцы Савецкай у Гродне мужчына скраў 19 залатых вырабаў. Агульны кошт скрадзенага склаў больш за 58 тысяч рублёў. Ён пагражаў прадаўцу нажом, расказалі ў УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Прадавец выклікала міліцыю, націснуўшы «трывожную кнопку» сігналізацыі. Нарад Дэпартамента аховы прыбыў на месца адразу, але злодзей паспеў сысці раней.

Міліцыя высветліла, што зламыснік мог з’ехаць з горада на таксі або маршрутцы. Спецпланам забяспечылі патруляванне на ўсіх дарогах, якія вядуць у Гродна. Таксі з 43-гадовым гродзенцам супрацоўнікі ДАІ спынілі на трасе М6 у Шчучынскім раёне. Мужчына быў п’яны. Пры ім знайшлі скрадзеныя каштоўнасці і нож. На відэа з затрымання чуваць, што ў мужчыны парэзаная левая рука.

Затрыманы быў раней неаднаразова судзімы, паведамілі ў міліцыі. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу паводле артыкула 207 (разбой) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Чытайце таксама: Изъяли робот-пылесос, взломали чаты, ликвидировали 20 организаций. Как прошла неделя в Гродно и области