Гродзенская паэтка Данута Бічэль прэзентавала чытачам зборнік паэзіі „Гускі вяртаюцца” у гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця, піша racyja.com. Так яна адзначыла свой дзень народзінаў.

Данута Бічэль: Нікуды не прападзе Беларусь. Паэтка адзначыла дзень народзінаў прэзентацыяй новай кнігі

Паслухаць і павіншаваць паэтку прыйшло некалькі дзясяткаў гродзенцаў. Па завяршэнні прэзентацыі Данута Бічэль правяла аўтограф-сесію.

– Тут многа вершаў, якія з’яўляюцца працягам таго цыклу хрысціянскіх вершаў-літанняў, вершаў-малітваў. Тут ёсць вершы звяртанні да Быкава, да Туронка, да роднай хаты, да роднай Гаўі. Я калі чытаў гэтую кніжку, асабліва зачапіла пяшчотная нота, – падзяліўся прафесар Аляксей Пяткевіч.

Аўтарка – начны паэт. Вершы для яе прыходзяць запоўнач. Кніга „Гускі вяртаюцца” прасякнутая ідэяй вечнасці, да якой ідуць усе людзі. За два гады, колькі пісалася гэтая кніжка, Данута Бічэль зрабіла тры адкрыцці для сябе:

– Людзі выкарысталі словазлучэнне „блакітная кроў”, таму што памяталі, што яны прыходзяць з гэтай вады, з зямлі, і вяртаюцца туды, пра сувязь яны памяталі з зямлёю. Другое маё адкрыццё: душа наша не ў грудзях, яна ва ўсім целе. Трэцяе маё адкрыццё: ніякая інтэграцыя нас не з’есць, нікуды не прападзе Беларусь.

3-га снежня ў аўтарцы паэтычнага зборніка „Гускі вяртаюцца” быў дзень народзінаў. З нагоды выхаду кнігі яе павіншавалі аматары беларускай паэзіі, калегі і прыхільнікі. Дарэчы, вокладку кнігі афармляў гарадзенскі мастак Аляксандр Сільвановіч.