Галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч ў эфіры «Гродна плюс» паведаміў, што клубу не ўдасца ўтрымаць вінгера Гулжыгіта Алыкулава.

Алыкулаў прыйшоў у «Нёман» перад сезонам 2019 года. Ён папісаў трохгадовы кантракт і правёў у складзе жоўта-зялёных 23 матчы ў Вышэйшай лізе, у якіх запісаў на свой рахунак 4+4 па сістэме «гол + пас».

— У Алыкулава кантракт на тры гады, але ў ім прапісаная сума адступных. Ён вельмі якасны гулец, і за ім выстраілася вялікая чарга клубаў - і расійскіх, і еўрапейскіх. Апошняя прапанова вельмі выгадная для яго ў плане фінансаў паступіла, наколькі ведаю, з «Кайрата», але ён ад яе адмовіўся.

Ён хоча гуляць у Еўропе. Гэта вельмі разумны хлопец, ён ведае чаго хоча і, зыходзячы з яго менталітэту і падыходу да футбола, упэўнены, он даб’ецца шмат чаго. На жаль, нам прыйдзецца расстацца, але мы задаволеныя тым, што не памыліліся з выбарам, — прыводзіць словы Кавалевіча football.by са спасылкай на"Тэлеканал Гродна Плюс".

Нагадаем, яшчэ ў лістападзе 19-гадовы кыргызскі вінгер «Нёмана» і зборнай Кыргызстана трапіў у сферу інтарэсаў еўрапейскіх клубаў. Як паведамляў у сваім твітэр-акаўнце польскі журналіст партала Weszlo.com Пшэмыслаў Міхалік, займець яго ў свае шэрагі хоча познаньскі «Лех» і пражская «Славія».

Па дадзеных transfermarkt футбаліст «Нёмана» ацэньваецца ў 400 тысяч еўра. Сума адступных ў кантракце гульца складае 200 тысяч еўра.
Алыкулаў хоча ў Еўропу і "Нёман" гатовы яго адпусціць