Філолаг і танк. Як гродзенскі студэнт выпраўляў гістарычную памылку

Не заўважыць на Савецкай плошчы Гродна 6-метровую стэлу з танкам проста немагчыма. Помнік стаіць на гэтым месцы ад 1968 года і стаў звыклай часткай гарадскога пейзажу. А вось тое, што ў надпіс на стэле пад танкам аднойчы закралася памылка, змог заўважыць толькі адзін чалавек. Гэта беларускі філолаг, на той час студэнт, а зараз выкладчык медуніверсітэта, Віктар Варанец. Здарылася тое ў 1983 годзе. Як гарадскія ўлады рабілі работу над памылкамі, ён распавёў Hrodna.life.

“Вы палохаеце мяне, Віктар…”

Філолаг і танк. Як гродзенскі студэнт выпраўляў гістарычную памылку
Здымак зроблены ў маі 1981 года. У слове “трэцяга” – памылка, падвойнае “ц”

Студзень 1983 года. Заснежаны вечар у Гродне. Вяртаюся з заняткаў ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы.  Прыпынак сямнаццатага аўтобуса якраз каля танка-помніка. Пакуль чакаю аўтобуса, у які ўжо раз паглядзеў на амаль новенькі будынак драматычнага тэатра, на магазін “Раніца”, пры якім ішла чарговая рэгістрацыя жадаючых атрымаць падпіску на ўсё роўна якога аўтара, на пастамент танка-помніка.  І раптам выразна адчуў нейкі дыскамфорт. Нешто не тое на гэтым помніку. Але што? І танк такі ж самы, што і раней, і пастамент, і нават прыцярушаны снегам надпіс. Але стоп, надпіс. Перачытваю ў каторы раз:

“Доблесным савецкім воінам другога і трэццяга беларускіх франтоў, вызваліўшым г.Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 16. VII. 1944 года”. Усё добра. І раптам як маланкай прабіла. Слова “трэЦЦяга” напісана з двума “ц”. А трэба ж з адным. А можа, з двума? Можа, гэта я памыляюся? Не дурні ж пісалі тэкст, раіліся са спецыялістамі. Ды і колькі народу за гэтыя два дзесяцігоддзі чыталі надпіс – хтосьці заўважыў бы памылку… Але цвік ужо засеў у галаве. Прыйшоў дахаты, пагартаў арфаграфічны слоўнік. Адна “ц”. Назаўтра на занятках запытаўся ў выкладчыка беларускай мовы. Той доўга і здзіўлена глядзеў на мяне, потым чамусьці ўздыхнуў і адказаў:

– Зразумела, адна, – трохі памаўчаў і, не вытрымаўшы, дадаў: – Вы палохаеце мяне, Віктар…”

 

 


Куды падзелася карона Вітаўта і як памёр Баторый. Выкладчык медуніверсітэта піша альтэрнатыўную гісторыю Гродна


Для тых, хто не ў танку

Але я ўжо ведаў канчаткова: адна “ц” у слове “трэці”. Таму тут жа сеў пісаць ліст у газету “Гродзенская праўда”, дзе і ўказаў на такую грубую памылку на такім сур’ёзным помніку. Тыдні праз два-тры я атрымаў першы ў сваім жыцці афіцыйны адказ на фірмовым бланку, што ліст быў разгледжаны, заўвага слушная і рэдакцыя выказвае мне ўдзячнасць за пільнасць. А мой ліст перапраўляецца ў гарвыканкам. Яшчэ праз некалькі тыдняў я атрымаў ліст з гарвыканкама, у якім мне выказвалася чарговая падзяка і паведамлялася, што ліст накіраваны ў гаркамгас для правядзення канкрэтных дзеянняў. І нарэшце праз амаль месяц я атрымаў ліст з гаркамгаса, які хаця ж і не выказаў мне падзякі, але абвясціў, што ў самы бліжэйшы час памылка будзе выпраўлена.


Напісанаму НЕ верыць: 6 апавяданняў пра непрадказальнае мінулае Гродна ад Віктара Варанца


Работа над памылкамі

І праўда, дзесьці праз тыдзень нейкі супрацоўнік апошняй установы паставіў драбіну да помніка, адбіў лішнюю літару, а астатнія ссунуў бліжэй. І доўга яшчэ можна было назіраць свежыя плямы раствору на шэрым пастаменце. Вось так упершыню на трэцім курсе спатрэбіліся мае прафесійныя веды і так я даведаўся, што ў Савецкім Саюзе сур’ёзныя справы хутка не робяцца.

Філолаг і танк. Як гродзенскі студэнт выпраўляў гістарычную памылку

Гісторыя танка ў Гродне

Філолаг і танк. Як гродзенскі студэнт выпраўляў гістарычную памылку
Здымак зроблены 23 лютага 1968 года падчас адкрыцця помніка

Цікава, што гэтыя змены o надпісе былі не адзінымі. На здымку 1968 года відаць, што ў першапачатковым варыянце надпісу франты былі пералічаны ў іншым парадку, а граматычных памылак у тэксце не было. Літары былі нанесены наўпрост на пастамент. Падвойнае “Ц” з’явілася на стэле разам з новымі аб’ёмнымі літарамі і пратрымаліся, пакуль не патрапілі на вочы ўважліваму студэнту. Таксама ад таго часу франты на стэле пералічылі ў парадку роста нумараў.

Што да гісторыі помніка, то ён быў зроблены па праекту архітэктара Г. Федасеенка і адкрыты 23 лютага 1968 года. Праўда, менавіта гэты танк фізічна не мог быць на ўзбраенні ў вызваліцеляў Гродна ў 1944-м. Такую мадэль пачалі выпускаць ў 1946.

Да разраду гарадскіх легенд адносяць знаўцы таксама нумар “200” на брані і сем намаляваных зорак, што маюць сведчыць пра колькасць падбітых машын праціўніка.

У 2016 годзе вакол танка развівалася амаль дэтэктыўная гісторыя – прапала левая фара. Па факту знікнення светлавога прыбора была нават распачата крымінальная справа. Прапажу знайшлася сёлета, калі напярэдадні першамайскіх святаў супрацоўнікі Гарсвятла прыехалі паставіць на баявую машыну новыя вочы. Аказалася, што “родная” фара проста выпала і два гады праляжала на пастаменце побач з танкам.

Неаднаразова паўставала ў горадзе і пытанне пра  перанос танка на Курган Славы. Аднак яно не вырашана да гэтай пары.

Сур’ёзныя справы ў Гродне па-ранейшаму хутка не робяцца.

 


Сімвал горада і месца сустрэч. Што думаюць гродзенцы пра танк у цэнтры?


Філолаг і танк. Як гродзенскі студэнт выпраўляў гістарычную памылку


Вы решили поменять ванную? Большой выбор ванн представлен на сайтеhttp://sanit.by/vanny/triton-vanni/. Вы сможете задать интересующие вас параметры и легко найти то, что вы хотите. Высокое качество, отличные цены.


Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: