Вынікі штогадовага конкурсу Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальных медыя падвялі 26 лістапада. Сёлета ў спаборы ўдзельнічала больш за 100 аўтараў і больш за 400 матэрыялаў. У гэтым годзе журы не вызначала першае, другое і трэцяе месца, а таксама найлепшае рэгіянальнае медыя, бо «зараз важная не канкурэнцыя, а супраца», сказалі арганізатары. Сябры журы адзначылі матэрыялы Hrodna.life за мінулы год у некалькіх намінацыях.

“Зараз важная не канкурэнцыя, а супраца”. Падвялі вынікі конкурсу Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальных медыя

У намінацыі «Экалогія» журы конкурсу адзначыла матэрыял пра тое, як дапамагчы вулічным жывёлам і не атрымаць траўму, не падчапіць мікраспарыю і не захварэць на шаленства.

Для намінацыі «Грамадска-палітычны матэрыял» абралі дзве працы нашых журналістаў. Першы матэрыял — пра гродзенскі АМАП. Другі - расповед медыятараў пра іх працу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

У намінацыі «Эканоміка» журы адзначыла наш матэрыял пра тое, як студэнты атрымліваюць прыбаўку да стыпендыі або зніжку на адукацыю, і колькі гэта будзе ў студэнцкіх вячэрах пры канвертацыі. Сярод матэрыялаў на беларускай мове вылучылі тэкст рэдактаркі спецпраектаў Hrodna.life Ірыны Новік пра тры дні, якія яна правяла ў гродзенскай турме.

У намінацыі «Расследаванне» — два тэксты Hrodna.life: «"Добавили грамм лаврового листа — получили штраф в $ 400″. Кто поставляет в изолятор Гродно обеды с „совдеповскими“ котлетами» і «"Я — Маша Лукашенко, а я — Настя Лукашенко». Что известно о девушках из ОМОНа, которые избили 55-летнюю женщину в Гродно".

Сярод матэрыялаў, прысвечаных культуры, журы абрала тэкст Hrodna.life пра тое, як звольненыя артысты Гродзенскага драматычнага тэатра выступалі пад адкрытым небам у дворыку на Кірава, 3. Таксама адзначылі матэрыялы пра жыццё рок-хвалі ў Гродне ў савецкія часы і сёння.

У намінацыі «Сацыяльная акцыя» сярод найлепшых назвалі праект і серыю публікацый Hrodna.life пра мастацкую акцыю ў падтрымку Гродзенскага дзіцячага хоспіса.

У намінацыі «Гісторыя» журы адзначыла матэрыял пра гродзенскі Стары замак і пытанні, што выклікала яго рэканструкцыя.

Адзначылі не толькі тэкставыя матэрыялы, але і відэа. Гэта традыцыйныя для Hrodna.life апытанкі на вуліцах горада:

Летась у конкурсе Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальных медыя рэдакцыя Hrodna.life перамагла ў галоўнай намінацыі конкурсу — «Найлепшае медыя года».