Гэту музыку таемна «лавілі» на замежным радыё, каб яе паўтарыць гітары рабілі з досак, а для гуказдымальнікаў кралі катушкі ў тэлефонах-аўтаматах. Гродна 60-х быў для музыкантаў амаль выспай свабоды. У Сусветны дзень рок-н-ролу, 13 красавіка, гродзенскія бітламаны часоў СССР расказалі Hrodna.life, як хісталі «жалезную заслону» заходнімі шлягерамі.

Рок-н-рол праз жалезную заслону. Як гродзенцы 60-х слухалі і гралі забароненую ў СССР музыку
ВІА «Мередиан» 1967 г. Фота з калекцыі Віктара Саяпіна

Праз жалезную заслону на Грандзіцкі рынак

Савецкі Саюз быў шчыльна закрыты жалезнай заслонай ад капіталістычных краін, дзе ўжо амаль дзесяць год слухалі Элвіса Прэслі і Білла Хэйлі. Калі ў 1960-м годзе з’вілася ліверпульская чацвёрка — «The Beatles», ў свеце адбылася сапраўдная музычная рэвалюцыя. Яе хвалі дасягнулі Гродна раней чым многіх іншых гарадоў СССР. Замежная музыка радыёхвалямі «прасочвалася» праз мяжу з Польшчай.

Рок-н-рол праз жалезную заслону. Як гродзенцы 60-х слухалі і гралі забароненую ў СССР музыку
Радыёпрымач «Даўгава». Фота з калекцыі Віктара Саяпіна
Рок-н-рол праз жалезную заслону. Як гродзенцы 60-х слухалі і гралі забароненую ў СССР музыку

«Польскае тэлебачанне транслявала разнастайныя музычныя праграмы. Калі пачыналіся калядныя і навагоднія святы, то ў Гродна з’яжджаліся амаль што з усяго савецкага саюза. Шмат прыязжала з Масквы, Ленінграда і іншых буйных гарадоў. Засяляліся ў гасцініцы, каб паглядзець навагоднія і калядныя музычныя праграмы, а таксама замежныя і галівудскія фільмы, прагляд якіх, савецкім людзям быў амаль не дасяжны. І ў гэтых 2−3-х гадзінных музычных праграмах, можна было ўбачыць тагачасныя хіты лепшых рок-гуртоў. Тады я ўпершыню ўбачыў і паслухаў „The Beatles“, „The Rolling Stones“, а „Дом узыходзячага сонца“ гурта „The animals“ мяне проста ашаламіў». — расказваў у 2016годзе Віктар Саяпін.

Плыткі заходніх рок-гуртоў прывозілі ў Гродна і кантрабандысты. Прадавалі вінілы з-пад палы на Грандзіцкім рынку за вялізарныя грошы.

Музычныя лайфхакі з тэлефонаў-аўтаматаў 60-х

Самая прасунутая гродзенская моладзь пачала капіяваць новы музычны стыль. Дастаць інструменты было амаль не магчыма, таму гарадзенскія хлопцы рабілі гітары самі. Іх выстругвалі з досак, пры чым некаторыя з іх былі самых недарэчных формаў: простакутныя, трохкутныя ці рагатыя. Найбольш складана было дастаць добры гуказдымач. Тут хлопцаў ратавалі тэлефоны-аўтаматы, што стаялі раней на кожнай вуліцы. З трубак такіх тэлефонаў здымалі катушкі і прымацоўвалі іх да кожнай струны. Такім чынам атрымоўваўся даволі добры гуказдымач.

Рок-н-рол праз жалезную заслону. Як гродзенцы 60-х слухалі і гралі забароненую ў СССР музыку
Вокладка ад магнітнай катушкі з налепленымі выявамі польскіх біт-гуртоў.
Фота з калекцыі Віктара Саяпіна

Музычную грамату амаль ніхто з аматараў не ведаў. Юнакі слухалі па радыё замежныя мелодыі і запісвалі іх на бабіны. У каго быў добры музычны слых, здымаў такзваную «лічбоўку» і раскладаў яе па партыях для развучвання.

«Дзеці Элізы» і несанкцыяваны дэбютны канцэрт

Месца сустрэчы гродзенскай нефармальнай моладзі быў сквер за помнікам Элізы Ажэшка. Мясцовыя бітламаны збіраліся там паграць на гітарах і паразважаць пра шчаслівую будучыню. Аляксандр Саўчыч на той час закончваў школу. Разам з іншымі вучнямі 9 — 10 класаў часта наведваўся ў сквер.

Разам з сябрамі ён стварыў першы ў горадзе біт-гурт пад назва «Дети Элизы». Пазней склад і назва гурта неаднаразова змяняліся. Калектыў Саўчыца называлі «Марсиане», «Гуроны» і «Городняне». Месца для рэпетыцый знайсці было не магчыма, таму рэпетавалі на паддашшах, у падвалах і бомбасховішчах. Сёння многія лічаць яго пачынальнікам рок-руху ў Гродна.

Рок-н-рол праз жалезную заслону. Як гродзенцы 60-х слухалі і гралі забароненую ў СССР музыку
Аляксандр Саўчыц. Фота з калекцыі Віктара Саяпіна
Анатолій Макушын

«Першы выступ зрабілі ў школе № 8 па вул.Сацыялістычнай. Быў нейки вечар на якім прысутнічалі бацькі, педсавет і настаўнікі. Паміж першым і другім аддзяленнем быў перапынак і закрылі завесу. Тады мы таемна ўнеслі вялікія дынамікі, усю апаратуру, падключылі самапальныя гітары і калі завеса адкрылася, настаўнікіі не зразумелі што гэта такое? Гэтыя маладыя хлопцы загрымелі песню „Hippy Hippy Shake“. Педагогам было жахліва. Толькі на трэцяй песні да іх дайшло, што адбываецца штосці ўнепланавае і вельмі небяспечнае для моладзі. Гэтае варожае паўплыванне пранікла ў школу. Тады накінуліся камсамольцы і прыйшлося бегчы. Схапілі гітары, беглі праз вокны. Так прайшоў першы публічны канцэрт у горадзе Гродна» — расказваў у 2017 годзе Анатоль Макушын пра сцэнічны дэбют «Детей Элізы»

Выступ нарабіў у горадзе шмат шуму, нават пачаў абрастаць слыхамі і легендамі. Пазней музыкі пачалі рабіць пераклады замежных песень, а таксама пісаць свае.

Гарачыя хіты на гродзенскім пляжы

У летнія дні на гарадскім пляжы яблыку не было дзе ўпасці. Аднаго разу, нечакана для ўсіх адпачываючых, тут загучаў адзін з хітоў замежнай рок-музыкі. Хлопцы прынеслі на пляж гукаўзмацняльную апаратуру і інструменты, і сыгралі некалькі песень. Ім зноў давялося «зварочваць вуды» і ўцякаць, пакуль не прыехаў атрад камсамольцаў і міліцыі.

Рок-н-рол праз жалезную заслону. Як гродзенцы 60-х слухалі і гралі забароненую ў СССР музыку
«Рок на пляжы». Гурт Сяргея Падгайчанка. Фота з асабістага архіва Віктара Саяпіна

Зусім хутка хвалі бітламаніі пайшлі па ўсяму Саюзу як грыбы пасля дажджу. Напрыканцы 1964-га першыя біт-гурты з’явіліся ў Маскве і Ленінградзе. А на змену першым гродзенскім калектывам прыйшлі новыя выканаўцы і гурты.