У Навагрудку каля аўтавакзала ўсталявалі помнік — паравоз. Адкрыццё прымеркавалі да Дня народнага адзінства. Hrodna.life разабраўся, навошта такі помнік усталявалі ў горадзе, дзе няма ні чыгуначнай станцыі, ні нават чыгункі.

У Навагрудку, дзе няма чыгункі, усталявалі помнік паравозу. Тлумачым, адкуль ён там
Помнік «Паравоз» у Навагрудку. Крыніца: Старонка Visit Navahrudak у Facebook

Чыгунка была, але нетыповая

Да 1960-х гадоў у Навагрудак можна было даехаць на цягніку. Гэта было магчыма дзякуючы вузкакалейцы, якую праклалі яшчэ немцы ў час Першай сусветнай вайны.

Тады лінія фронту паміж нямецкімі войскамі і арміяй Расійскай імперыі праходзіла амаль па сучаснай усходняй мяжы Гродзенскай вобласці. Немцы для забеспячэння войска ў 1914 годзе пачалі будаваць вузкакалейную чыгунку з шырынёй каляіны 600 мм. Гэта было адгалінаванне ад станцыі Наваельня.

Чыгунку пабудавалі за год. Яе асноўная лінія пралягала ад Наваельні да Любчы, праз Навагрудак, да якога было асобнае адгалінаванне ад вёскі Скрыдлева.

У Навагрудку, дзе няма чыгункі, усталявалі помнік паравозу. Тлумачым, адкуль ён там
Схема вузкакалейкі Наваельня — Навагрудак — Любча. Крыніца: narrow.parovoz.сom

Праклалі для вайсковых мэтаў, а выкарыстоўвалі ў грамадскіх

Нягледзячы на тое, што чыгунку пракладалі для вайсковых мэтаў, большую частку часу яе выкарыстоўвалі ў гаспадарчых і грамадскіх мэтах.

Пасля далучэння тэрыторыі Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе, вузкакалейку ўключылі ў склад Брэст-Літоўскай чыгункі. У 1947 годзе яна ўвайшла ў склад Беларускай чыгункі. У канцы 1950-х гадоў каляіну перашылі з 600 на 750 мм. У навагрудскім парку паравозаў тады было пяць лакаматываў.

Не адзіная вузкакалейка ў раёне

Акрамя лініі Наваельня — Любча, існавала яшчэ дзве дадатковыя каляіны ў бок ракі Сервеч. Першая пралягала з Навагрудка праз вёскі Рутка, Валковічы, Паланая да Агароднікаў. Другая — ад вёскі Зарой, каля Янавіч, Катлова да Ваўкоў.

Чытайце таксама: Адзіны ў Беларусі музей вузкакалеек адкрыюць пад Лідай. Як купка энтузіястаў ратуюць тэхніку і дарогі

Аўтавакзал быў раней чыгуначным

Навагрудскі аўтавакзал размяшчаецца ў двух будынках — старым і новым. Стары раней быў вакзалам вузкакалейнай чыгункі. Рэйкі пралягалі прыкладна па сучаснай вуліцы Міцкевіча.

У Навагрудку, дзе няма чыгункі, усталявалі помнік паравозу. Тлумачым, адкуль ён там
Чыгуначны вакзал у Навагрудку ў міжваенныя часы. Крыніца: Inżynier kolejowy

Пасля закрыцця чыгункі і замены пасажырскага руху на аўтобусны будынак былой чыгуначнай станцыі перапрафілявалі ў аўтастанцыю. Тады і прыбудавалі новую частку.

Помнікі навагрудскай вузкакалейцы ўсталёўвалі раней

Падобны паравоз у траўні 2023 года ўсталявалі побач з вёскай Рабкі ў Дзятлаўскім раёне. Помнік паставілі ў межах краязнаўчага праекта Круцілаўскай сярэдняй школы «Дарога з мінулага».

У Навагрудку, дзе няма чыгункі, усталявалі помнік паравозу. Тлумачым, адкуль ён там
Помнік «Паравоз» у вёсцы Рабкі. Крыніца: xpress.by

У вёсцы Зарой Дзятлаўскага раёна ў 2018 годзе ўсталявалі мемарыяльны знак у памяць пра чыгунку. Яго талакой стварылі мясцовыя жыхары. Чыноўнікі райвыканкама тады скардзіліся, што з імі нічога не ўзгаднілі.

У Навагрудку, дзе няма чыгункі, усталявалі помнік паравозу. Тлумачым, адкуль ён там
Мемарыяльны знак у вёсцы Зарой. Крыніца: gazetaby.com