4 жніўня гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу забралі людзі ў цывільным адбываць адміністрацыйны арышт у ізалятар часовага ўтрымання, паведамляе harodniaspring.org.
13 ліпеня суддзя Ларыса Барэль прысудзіла Грыгенчу 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт.23.34 КоАП). Гэта арышт за акцыю салідарнасці з палітзняволенымі, якая адбылася 19 чэрвеня. Аднак на «суткі» яго не забіралі да 4 жніўня, спасылаючыся на адсутнасць дакументаў.
20 ліпеня суддзя абласнога суда Валерый Раманоўскі не задаволіў скаргу Грыгенчы на пастанову суда Ленінскага раёну.
Ежы Грыгенча падаў заяву на імя начальніка ІЧУ Лаўрушкі І.В. У заяве ўказаныя 5 пунктаў:
1. Адмова ад харчавання.
2. Забяспечыць лекамі як гіпертоніка.
3. Забяспечыць штодзённымі прагулкамі.
4. Забяспечыць права прагаласаваць 9 жніўня.
5. Прадставіць права назіраць на выбарах як даверанай асобе Ганны Канапацкай.
Ежы Грыгенчу забіраюць адбываць арышт. Фота: harodniaspring.org Патрабаванні Ежы Грыгенчы. Фота: harodniaspring.org
Гродзенскія правабаронцы лічаць такі адміністрацыйны арышт Грыгенчы адкрытым палітычным пераследам. «Гэта робіцца для таго, каб пазбавіць Грыгенчу як актыўнага выкрывальніка парушэнняў выбарчага заканадаўства магчымасці весці назіраннне за працэсам галасавання», — паведамілі яны раней.
Ежы Грыгенча — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На выбарах-2020 — давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Ганны Канапацкай. У 2019 годзе паводле таго ж артыкулу яго судзілі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй, у 2017 — за ўдзел у Маршах недармаедаў.