Дзесяць дзён Вольга Каракіна галадала каля СІЗА № 1 на Валадарскага ў Мінску. 4 жніўня да дзяўчыны падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і сказалі, што яе могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Падчас галадоўкі да Вольгі далучаліся неабыякавыя грамадзяне.

Вольга пачала галадоўку 26 ліпеня разам з маці Дзмітрыя Фурманава. Апошняя па стане здароўя была вымушаная яе спыніць. Бацька Дзмітрыя па стане здароўя не мог галадаць.

«Раніцай 4 жніўня да нас прыйшла міліцыя і сказала, што мы занадта доўга тут сядзім. З-за падтрымкі людзей, якія прыходзілі, гэта ператвараецца ў пікетаванне і несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Сказалі сыходзіць або пачнуць весці адміністрацыйны працэс. Я вымушана спыніць галадоўку, бо баюся за людзей, якія прыходзяць мяне падтрымаць. Іх могуць затрымаць і прысудзіць штраф ці суткі. Не хачу падстаўляць людзей», — распавяла Вольга Hrodna.life.

Вольга Каракіна і Мікалай Салянік на пікеце ў падтрымку Святланы Ціханоўскай у Гродне. Фота: Руслан Кулевіч

Гродзенскага актывіста, каардынатара ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай па Гродзенскай вобласці Дзмітрыя Фурманава затрымалі 29 траўня, калі ён збіраў подпісы на Савецкай плошчы. Яго абвінавацілі ў тым, што пры затрыманні ён не падпарадкаваўся супрацоўнікам міліцыі: упіраўся, размахваў рукамі і спрабаваў уцячы. Больш за два месяцы гродзенец з іншымі затрыманымі ў той дзень знаходзіцца ў зняволенні і праходзіць па «справе Ціханоўскага».

27 ліпеня Святлана Ціханоўская сустрэлася з маці і дзяўчынай Фурманава, якія абвясцілі галадоўку днём раней.

29 ліпеня бацькі Дзмітрыя Фурманава прынеслі сыну перадачу ў мінскае СІЗА № 1. Аднак ім сказалі, што Дзмітрыя ў ізалятары на Валадарскага няма, яго перавялі ў Жодзіна — у турму № 8.

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.