25 сакавіка Літва, Латвія і Эстонія распаўсюдзілі санкцыі яшчэ на 118 грамадзян Беларусі. Гэта людзі, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі на выбарах ці рэпрэсіях супраць народа. Ім будзе забаронена ўязджаць на тэрыторыю краін Балтыі. Сярод іх як мінімум 15 гродзенцаў - апазнаць атрымалася не ўсіх. Пад санкцыі трапілі сілавікі, датычныя да затрымання Ціханоўскага 29 мая 2020 года, якія праходзілі па справе збітага АМАПам таксіста Аляксея Лапы і дзяўчаты з АМАП, якія прадставіліся Машай і Насцяй Лукашэнкам.

Хто трапіў у санкцыйны спіс?

  • Павел Балюк, супрацоўнік АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Баярчук Генадзь Францавіч, камандзір ўзвода АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Бандарчук Дар’я Уладзіміраўна, прапаршчык у АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Буднік Віктар Іванавіч, супрацоўнік АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Буча Юрый Юр’евіч, маёр УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Жучкоў Сяргей Уладзіміравіч, намеснік камандзіра АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Казаравец Ігар Міхайлавіч, намеснік камандзіра аператыўнай роты, АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Клыжук Сяргей Віктаравіч, камандзір АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Касцюк Вячаслаў Вячаслававіч, падпалкоўнік, АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Лычагін Алег Канстанцінавіч, супрацоўнік АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Маер Андрэй Іванавіч, капітан, АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Насеня Юрый Аляксандравіч, маёр, АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Пацуй Андрэй Аляксандравіч, супрацоўнік АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Седач Алег Антонавіч, капітан, супрацоўнік АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Хацук Міхаіл Дзмітрыевіч, баец АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама;
  • Халява Павел Часлававіч, старшына АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Чым «праславіліся» сілавікі, якія трапілі пад санкцыі?

Супрацоўнік АМАП Баярчук (імя ў судзе не назвалі - Hrodna.life) праходзіў сведкам па справе Сяргея Рымшы. Гродзенца затрымалі 9 жніўня, збілі, а пазней завялі крымінальную справу за гвалт над супрацоўнікамі АУС. У студзені Рымшу асудзілі на тры з паловай гады калоніі.

Дар’я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч 9 жніўня збілі фармацэўта Марыну Палікарпаву. Абараняючыся ад задушлівага прыёму, жанчына ўкусіла адну з супрацоўніц міліцыі. Пазней супрацоўніцы АМАП праходзілі ў судзе пацярпелымі, а Палікарпаву асудзілі на два гады «хатняй хіміі». Кожнай з пацярпелых амапавак яна павінна выплаціць па 5000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Касцюк (імя ў судзе не назвалі - Hrodna.life) быў камандзірам роты АМАП, якая затрымала таксіста Аляксея Лапу. Пасля чатырох месяцаў судовага расследавання Аляксей пакінуў краіну — яму пагражала тры гады калоніі.

Алег Седач мог стаць нібыта наступнай ахвярай палітвязня Мікалая Аўтуховіча паводле фільма, паказанага на АНТ.

Хто звязаны са «справай Ціханоўскага»

Супрацоўнік АМАП Віктар Буднік праходзіць пацярпелым па «справе Ціханоўскага» пасля падзей 29 мая 2020 года ў Гродне. Таксама па яго пратаколе судзілі самога блогера за непадпарадкаванне міліцыі.

Амапаўцы Сяргей Калыжук і Алег Лычагін сведчылі ў судзе па адміністрацыйнаму працэсу супраць Сяргея Калмыкова, якога затрымалі разам з Ціханоўскім 29 траўня. Павел Халява даваў паказанні ў справе Васіля Баброўскага і Уладзіміра Навуміка, якіх затрымалі на перадвыбарчым пікеце з блогерам Ціханоўскім. Андрэй Пацуй сведчыў супраць Дзмітрыя Фурманава. У той жа дзень таксама затрымлівалі людзей Міхаіл Хацук і Павел Балюк.

Хто яшчэ трапіў у спіс?

Euroradio.fm прааналізавалі санкцыйны спіс. Па іх дадзеных, туды трапілі 44 амапаўца, 23 супрацоўнікі ГУБАЗіК, восем супрацоўнікаў міліцыі, чатыры супрацоўнікі ізалятараў, чатыры супрацоўнікі пракуратуры, тры прадстаўніка СМІ і прэс-службаў, два супрацоўніка Следчага камітэта, адзін суддзя, адзін супрацоўнік КДБ і два былыя супрацоўнікі МУС. Дадзеныя 26 людзей у спісе не ідэнтыфікавалі.

У санкцыйных спісах балтыйскіх краін зараз 277 прадстаўнікоў беларускіх уладных і сілавых структур.