30 гродзенцаў сабраліся ў 12.30 каля консульства Літвы, каб выказаць незадаволенасць «замежным умяшаннем». Яны скандавалі «Света, смаж катлеты» і прасілі прыбраць войскі НАТА з беларускіх межаў.

«Уся моладзь з’ехала [з Літвы — Hrodna.life] у пошуках лепшага жыцця! Хай яны ў сябе ў краіне навядуць парадак!» — абмяркоўвалі прысутныя. У асноўным гэта людзі з арганізацыі ветэранаў Гродна. «Хай зарабляюць у тваёй краіне, а не фінансуюць нашых дзяцей, якіх заклікаюць туды. Гэта толькі першы заклік. А будзе па-іншаму!» — казалі пікетоўцы.

— Яны ж прынялі Ціханоўскую, якая заклікае заводам спыніцца, «камуналку» не плаціць, дзецям у школы не хадзіць. Да чаго яна заклікае? Да анархіі, да хаосу! — сказаў адзін прысутны.

Митинг ветеранов у консульства Литвы в Гродно
Мітынг ветэранаў ля консульства Літвы ў Гродне

— Хай вылучаюць у свае прэзідэнты! — пагадзілася ўдзельніца.

— Уявіце сабе: яна б атрымала большасць [галасоў выбаршчыкаў на выбарах — Hrodna.life]. Што б было?

— Вайна!

— У нас квітнеючая краіна!

— Света, смаж катлеты!

— Гродзенская вобласць — такі прынадны кавалачак. Тут столькі прамысловасці. Вядома, хочацца адхапіць!

"Света, смаж катлеты!" 30 чалавек пікетавалі консульства Літвы ў Гродне
Мітынг ветэранаў Гродна ля консульства Літвы

Прысутныя спадзяваліся, што да іх выйдзе консул, каб перадаць яму свае патрабаванні. Ціханоўскую папрасілі не маніпуляваць «іх дзецьмі».

— У нашай вобласці каля 400 000 пенсіянераў з правам голасу. Гэта 40% выбаршчыкаў нашай вобласці. І мы ўсе прагаласавалі за Лукашэнку, нашы сем'і - дзеці і ўнукі - таксама. Адзінкі не прагаласавалі за яго. І яна набрала большасць? Смешна. Адзін участак — не ўся рэспубліка, — выказаліся ўдзельнікі акцыі.

Уладзімір Цюцюннік, старшыня савета ветэранаў сцвярджаў, што мерапрыемства ўзгоднена з гарадскімі ўладамі.

— Рыхтавалі заяву мае людзі з ветэранскай арганізацыі, я падпісаў. Гэта было дні чатыры-пяць таму. Я не памятаю.

 — Вы адлічвалі 50 метраў ад консульства? (Згодна з Законам Аб масавых мерапрыемствах, іх правядзенне не дапускаецца на адлегласці менш за 50 метраў ад дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў.)

 — І куды нам, на дах? Ёсць законы — але ёсць і выключэнні. У палякаў там 50 метраў [гаворка ідзе пра мітынг 2 верасня каля консульства Польшчы — Hrodna.life] - будынак далёка. А тут куды мы падзенемся? Пакараюць нас. Але мы не прыйшлі ваяваць сюды, не ламаць платы. Мы прыйшлі мірна консулу выказаць. Яны ж не выходзяць — мы без зброі, без кулакоў. Мы прыйшлі пагаварыць, каб ён давёў нашы жаданні і меркаванні да прэзідэнта Літвы. Там ён, напэўна, не ведае, што ў Беларусі робіцца.

Праз паўгадзіны мітынгоўцы ўсё ж перайшлі праз дарогу і сталі далей.

Гарадзенка праязджала міма і папрасіла паказаць дазвол на правядзення мітынгу. Яе назвалі правакатаркай і спыталі, колькі грошай за гэта заплацілі.

Каля 13.30 мітынгоўцы разышліся.

Пішу пра людзей з інваліднасцю, актывістаў, палітыкаў і дабрачыннасць.