У Гродне з’явіўся яшчэ адзін відэаблогер-замежнік. Аван з Інданезіі выкладвае на YouTube відэаролікі пра свае адносіны з беларускай і штодзённае жыццё ў Беларусі.
Аван пазнаёміўся з Оляй у траўні 2019 гады праз дадатак HelloTalk. Праз некалькі месяцаў гродзенка паляцела да хлопца ў Інданэзію. Там яны і пажаніліся.
«Я сцягнуў прыкладанне HelloTalk, каб папрактыкавацца ў замежных мовах: англійскай і іспанскай, — распавядае Аван. — Напачатку мы з Оляй проста перапісваліся пра ўсё: пра нашыя цікавасці, культурныя адрозненні. Праз некалькі месяцаў, калі мы зразумелі, што закаханыя, мы сталі планаваць вяселле. Оля прыляцела ў Інданезію з мамай, там мы і пажаніліся».
Гатовы застацца ў Беларусі
Пасля вяселля Оля вярнулася ў Беларусь, а Аван застаўся ў Інданезіі займацца легалізацыяй пасведчання аб шлюбе. Калі ўсе юрыдычныя фармальнасці былі вырашаны, хлопец прыляцеў да сваёй жонкі і новых сваякоў у Беларусь.
«Упершыню я пачуў пра Беларусь толькі тады, калі пазнаёміўся з Оляй. Я люблю падарожнічаць і знаходзіць розныя цікавыя месцы і моманты, бо я фатограф і відэааператар. У Беларусі я апынуўся ў сярэдзіне снежня. Мне падабаецца Гродна і ўся Беларусь таксама. Тут чыста, не так шматлюдна, як у Інданезіі, адкрываюцца прыгожыя панарамы горада, якія хочацца фатаграфаваць. Я зараз тут і я гатовы застацца жыць са сваёй жонкай. Лад жыцця гродзенцаў, надвор’е — усё новае і незвычайнае для мяне, але я думаю, што хутка прызвычаюся».
«Магчыма, нехта натхніцца нашай гісторыяй»
Аван пачаў здымаць відэа і выкладваць у інтэрнэт яшчэ ў Інданезіі.
«Мы з жонкай вядзем канал Awan & Olya на YouTube, дзе выкладваем відэа пра нашы адносіны і паўсядзённае жыццё. Хочам захаваць важныя для нас моманты і паказаць людзям, што каханне можа злучыць зусім розных людзей. Тысячы кіламетраў адлегласці - не перашкода. Магчыма, хтосьці натхніцца нашай гісторыяй і таксама знойдзе сваё шчасце за межамі Радзімы.
У будучыні я планую здымаць кароткаметражныя фільмы пра Беларусь. Спадзяюся, што людзі будуць глядзець і падтрымаюць мяне. Я ўсё яшчэ вучуся быць добрым фатографам, здымаць відэа і мантаваць. Я спадзяюся, што змагу ў будучыні знайсці працу ў Беларусі, пачну зарабляць грошы для маёй сям'і, мы зможам нарадзіць дзяцей і будзем жыць шчасліва".