Музыка Сяргей Фінскі падзяліўся з Hrodna.life відэа 1999 года, на якім Станіслаў Семінскі (вядомы як Свістун) выступае на рок-канцэрце ў медыцынскім універсітэце. Легенду пра тое, як гродзенец граў на лістках на сцэне, ведаюць многія, але відэа бачылі адзінкі.

«Хацелася пабыць зоркай»

Вулічны музыка Свістун памёр у канцы студзеня 2020 года. Яго ведалі многія гараджане, ён у любое надвор’е выступаў у цэнтры Гродна. Станіслава запрашалі граць на вуліцах еўрапейскіх гарадоў, але ён адмаўляўся — усё жыццё пражыў у Гродне і стаў мясцовай славутасцю. Сяргей Фінскі падзяліўся гісторыяй пра тое, як запрашаў Свістуна на свой канцэрт.

«Быў канец 90-х і Станіслаў ужо тады быў знакамітым у горадзе. Я яму прапанаваў як-небудзь зайграць на маім канцэрце, ён пагадзіўся. Прыйшоў у касцюме, такі акуратны, і з задавальненнем сыграў. Вядома, перад гэтым прыйшлося яшчэ парэпеціраваць. Але на канцэрце Свістуна было не спыніць, так ён хацеў граць на публіцы».

Сяргей не памятае, колькі разоў Свістун выступаў на яго рок-канцэртах, але кажа, што і іншыя арганізатары запрашалі яго на «разагрэвы» публікі.

«У мяне ён дакладна адзін раз быў. Акурат вось гэта відэа з 1999 года, калі мы выступалі ў медыцынскім універсітэце. Тады было каля 500 чалавек. Публіка вельмі станоўча сустрэла Станіслава. Ён быў фішкай канцэрту».

Сяргей распавядае, што Свістун тады нават атрымаў за выступ нейкі ганарар, хоць быў гатовы выступіць і бясплатна.

«Хацелася пабыць зоркай, яму было гэта ў кайф. Кажаш, 10 хвілін тваіх на сцэне, а потым не спыніць. Даводзілася яго сцягваць. Гэта было шоў. Ён любіў адзін граць, але не ў калектыве».

Чытайце таксама: Жил в одиночестве и стал бродягой: умер самый старый уличный музыкант Гродно

Станіслаў Свістун кідае грошы іншаму вулічнаму музыканту - акардыяністцы Лене. Фота: Руслан Кулевіч
Станіслаў Свістун кідае грошы іншаму вулічнаму музыканту — акардыяністцы Лене. Фота: Руслан Кулевіч

Свістун — як гарадская мэбля

Сяргей Фінскі ўспамінае, што Станіславу шмат хто казаў з’язджаць з Гродна ў Еўропу, дзе б ён мог зарабіць добрыя грошы на сваёй творчасці. Але Свістун заставаўся да канца жыцця верны свайму гораду.

«Ён самародак, такіх у нас больш няма. У еўрапейскіх краінах ён карыстаўся б папулярнасцю са сваімі здольнасцямі. А ён жа яшчэ любіў распавесці, як грае і на чым. У Гродне Станіслаў быў як гарадская мэбля, мы ўсе прывыклі да яго. Такія асобы як Лютэк (яшчэ адна гарадская легенда 1980−90-х) і Свістун стваралі незабыўную атмасферу Гродна. На іх глядзелі, як на дзівакоў нейкіх, але калі іх не стала, мы разумеем, што ў горадзе чагосьці не хапае».

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.