Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч запусціў новы YouTube-праект «Мы вернемся». Гэта цыкл відэасюжэтаў пра беларусаў, якія вымушаныя былі пакінуць краіну пасля выбараў 2020 года.

Руслан Кулевіч у журналістыцы з 2013 года. Пісаў для сайта «Твой стыль», пасля рэбрэндынгу працягнуў супрацоўніцтва з Hrodna.life. Склаў дзве кнігі з успамінамі гродзенцаў пра горад 1930−40-х: «Горад адзін, успаміны розныя» і «Гісторыі з гродзенскіх вуліц». Лаўрэат прэміі Ядкоўскага. У верасні 2020 года з-за пагроз і ціску на яго сям’ю Кулевіч з’ехаў з краіны. Паўгода жыў у Рызе (Латвія), дзе супрацоўнічаў з мясцовымі СМІ і запісваў гісторыі ўцекачоў з Беларусі. У сакавіку 2021 года пераехаў у Беласток (Польшча), дзе вырашыў запусціць свой відэапраект.

Паспеў вывезці GoPro

«Запісваць гісторыі ўцекачоў я пачаў яшчэ ў Латвіі. Там на той момант больш за 40 чалавек папрасілі палітычнага прытулку. Але калі я прыехаў у Польшчу, я ўбачыў сапраўдны маштаб праблемы беларускіх уцекачоў. У Варшаве і Беластоку вельмі шмат беларусаў. Большасць з іх вымушаныя былі пакінуць краіну праз рэпрэсіі. Ва ўсіх розныя гісторыі, і мне як журналісту хацелася запісаць іх».

Чытайце таксама: «Я был помеченным». Руслан Кулевич рассказал все о задержании, суде и травле после «суток»

У Польшчы Руслан сустрэў гродзенскага аператара Ігара Сісюніна, які з’ехаў у суседнюю краіну ў пошуках лепшага жыцця. Журналіст прапанаваў аператару папрацаваць над праектам разам.

«Я расказаў Ігару пра ідэю відэапраекта. Яму гэта было цікава, і ён пагадзіўся са мной папрацаваць. На момант пачатку здымак у мяне была толькі GoPro, якую паспеў вывезці з офіса Hrodna.life да ператруса, а ў Ігара была толькі камера. Такі быў старт. Ужо пры арганізацыі наступных здымак шукалі памяшканне, святло і гук. Усюды дапамагалі беларусы».

Руслан Кулевич снимает проект "Мы вернемся"
Запіс інтэрв'ю з былым дырэктарам ЦСК «Нёман» Віктарам Шумелем

«Пачынаем з гродзенцаў»

Руслан і Ігар распачалі здымкі ў красавіку. Першым героем стаў Юрый Рававой, які ў жніўні 2020 стаў лідарам страйкаму «Гродна-Азот». Таксама гродзенцы запісалі гісторыю былога дырэктара ЦСК «Нёман» Віктара Шумеля і былога работніка гродзенскай ДАІ Кірыла Бубнова. Выпускі будуць выходзіць раз на тыдзень.

«Мая новая місія — запісваць гісторыі беларусаў, якія з’ехалі. Пачынаем з гродзенцаў, бо асноўная мая аўдыторыя знаходзіцца ў Гродне. Паступова будзем запісваць і іншых. Працы шмат, у кожнага ўцекача свая ўнікальная гісторыя».

Чытайце таксама: Уехали. Истории бежавших из страны из-за политики

«Мы вернемся»

Назву «Мы вернемся» для праекта дапамагла прыдумаць сябра прэзідыума Каардынацыйнага савета Вольга Кавалькова. Руслан сустрэў палітыка ў Рызе і распавёў пра сваю ідэю.

«Я распавёў Вользе пра ўцекачоў і іх гісторыі. Сказаў, што хачу запусціць свой відэапраект. Вольга прапанавала яго абыграць словамі «Мы вернемся». Яна патлумачыла гэта тым, што ў цяжкай сітуацыі, якая склалася сёння ў Беларусі, людзі маюць патрэбу ў больш пазітыўным пасыле навін, негатыву там і так хапае. Людзі павінны думаць не пра тое, што разумныя і найлепшыя з’язджаюць, а пра тое, што яны абавязкова вернуцца і зробяць краіну лепш. Мне спадабаўся пасыл Вольгі, і я вырашыў назваць свой праект «Мы вернемся».

Руслан Кулевич снимает проект "Мы вернемся"
Запіс інтэрв'ю з былым супрацоўнікам ДАІ Гродна Кірылам Бубновым

Кулевіч адзначае, што амаль усе ўцекачы ў інтэрв'ю распавядаюць, што гатовыя вярнуцца дадому, як толькі будзе магчымасць. Асноўная ўмова — змена рэжыму.

«Яшчэ год таму я запісваў гісторыі гродзенцаў, якія вымушаныя былі пакінуць Гродна ў 1940-х. Праз 70−80 гадоў гісторыя паўтараецца. Людзі зноў з’язджаюць з родных месцаў, каб пазбегнуць рэпрэсій. Як тыя, так і гэтыя ўцекачы казалі і кажуць адно і тое ж: «Мы хутка вернемся».

Беларускія ўцекачы ў Еўропе

Паводле статыстыкі Еўрастата за 2020 год па міжнародную абарону ў Еўрасаюз звярнуліся 1165 грамадзян Беларусі. У 2019 годзе іх было 935. Многія беларусы, якія з’ехалі з краіны па палітычных матывах, не прасілі палітычнага прытулку.

Сярод тых, хто звярнуўся па міжнародную абарону ў 2020 годзе большасць складаюць мужчыны — 745 чалавек. Амаль палова ўцекачоў — маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 34 гадоў (510 чалавек).

Па параўнанні з 2019 годам колькасць ўцекачоў у Польшчу значна вырасла — з 30 першасных заяў да 385, у Чэхію — з 10 да 60. Колькасць беларусаў, якія хадайнічаюць аб прадастаўленні статусу ўцекача ў Нідэрландах, упала больш чым удвая. Таксама зменшылася колькасць заяў аб прадастаўленні статусу ўцекача ў Германіі і Францыі.

Сярод балтыйскіх краін лідзіруе Літва: туды ў 2020 годзе па міжнародную абарону звярнуліся 80 грамадзян Беларусі, у Латвію — 45.