У горадзе распачаўся мотасезон, і на дарогі выехалі многія навічкі. Экіпіроўка для пасажыра, праверка перад выездам, разумная хуткасць — пра гэта і не толькі парады кіроўцам-пачаткоўцам ад дасведчаных інструктараў кіравання матацыклам. Карэспандэнтка Hrodna.life запісала іх і склала спіс нефармальнай мовы стасункаў матацыклістаў.
Экіпіроўка патрэбна і для кіроўцы, і для пасажыра
Гэта самая важная ўмова для выезду матацыкліста на дарогі агульнага карыстання, кажуць інструктары. Каб абараніць сябе ад траўмаў, трэба надзець прынамсі мінімум экіпіроўкі: шлем, пальчаткі, накаленнікі, мотаботы і «чарапаху». І, калі кіроўца-пачатковец вырашаецца пракаціць кагосьці другім нумарам, то пасажыр таксама мусіць быць абаронены.
![«Не бачу — не еду». Гродзенскія інструктары-матацыклісты, — пра ключавыя правілы для навічкоў](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/04/instruktor-Dima-250.jpg)
Падаць будзе балюча як кіроўцу, так і пасажыру. Пасажыру можа нават і больш балюча,
— тлумачыць Дзмітрый Свірыдаў, інструктар са стажам пяць гадоў, спартсмен па мотаджымхане і член мотаклуба «Насарогі». Сам Дзмітрый пачаў ездзіць на матацыкле ў 2007 годзе.
Праверка перад выездам
Як навічку, так і ўжо спрактыкаванаму кіроўцу трэба сачыць за тэхнічным станам матацыкла. Пасля зімы трэба праверыць тармазы і ціск у шынах. Калі кіроўца адказны, то агляд варта праводзіць перад кожным выездам, асабліва сур’ёзным.
![«Не бачу — не еду». Гродзенскія інструктары-матацыклісты, — пра ключавыя правілы для навічкоў](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/04/motoinstruktor-dima-00001.jpg)
Не ганяй
Значная частка дарожных аварый адбываецца праз залішнюю самаўпэўненасць кіроўцы матацыкла, лічаць спецыялісты.
![«Не бачу — не еду». Гродзенскія інструктары-матацыклісты, — пра ключавыя правілы для навічкоў](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/04/instruktor-Veronika-250.jpg)
Пакіньце сваё эга дома. Ці быў ты самым хуткім на дарозе, будзе цікава толькі інспектару ДАІ,
— кажа Вераніка Марозава, якая тры гады выкладала кіраванне на матацыкле. Яна ездзіць на матацыкле з 2014 года. У 2017-м выканала нарматыў «SADDLESORE 1000+», праехаўшы 1777 кіламетраў менш чым за 24 гадзіны.
Як матацыклістам, так і аўтамабілістам варта адэкватна паводзіць сябе на дарозе і «чытаць абстаноўку». А таксама памятаць, што трэба ўмець правільна тармазіць.
Тармажэнне — гэта цэлы комплекс рухаў і матацыкла, і цела. Вучыцца лепш на закрытай пляцоўцы: спачатку вывучыць тэорыю, а потым прымяніць яе на практыцы.
![«Не бачу — не еду». Гродзенскія інструктары-матацыклісты, — пра ключавыя правілы для навічкоў](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/04/instruktor-Veronika-1.jpg)
Чаго варта асцерагацца?
- Люстэрка паказваt толькі часткe карціны. Не трэба забываць правяраць бяспеку перастраення паваротам галавы.
- Матацыкл едзе за позіркам кіроўцы. Калі кіроўца чагосьці баіцца, то менавіта да гэтага яго і будзе цягнуць.
- Небяспекай з’яўляюцца скрыжаванні і прыпаркаваныя збоку аўтамабілі, з-за якіх можа хто-небудзь выбегчы. Важнае правіла: не бачу — не еду!
- На трасе можа быць моцны бакавы вецер.
- Асцерагайцеся пяску і плямаў алівы на дарозе. Таксама асцярожнасць не перашкодзіць на дарожнай разметцы — яна досыць слізкая.
- Кіроўца, лічы сябе нябачным! Бо для многіх ты такі і ёсць.
- Злёгку вільготная паверхня дарогі нашмат больш небяспечная, чым у час залевы. Небяспека не ў тым, што дарога мокрая, а ў тым, што на колы наліпае пясок. Варта быць надзвычай асцярожным, як толькі ўбачыш кроплі на шкле шлема.
Язда між шэрагаў
![«Не бачу — не еду». Гродзенскія інструктары-матацыклісты, — пра ключавыя правілы для навічкоў](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/04/instruktor-Tanja.jpg)
Таццяна Рудая, якая таксама ў мінулым выкладала кіраванне на матацыкле, не раіць матацыклістам, асабліва пачаткоўцам, ездзіць паміж шэрагаў. Калі кіроўца наважыўся на такі манеўр, то яго варта рабіць з асцярогай.
Ні ў якім выпадку не праязджаць на вялікай хуткасці. Можна падгазоўваць, каб кіроўцы аўтамабіляў вас пачулі. І здзяйсняць такі манеўр, толькі калі машыны не рухаюцца.
Таццяна пачала ездзіць на матацыкле ў 2016 годзе. Выхавала каля 100 матацыклістаў.
![«Не бачу — не еду». Гродзенскія інструктары-матацыклісты, — пра ключавыя правілы для навічкоў](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/04/instruktor-tanja-moto-800x606.jpg)
«Чаму яны мне ўсе махаюць? У мяне нешта не так?»
Вераніка Марозава памятае забаўную размову са сваім былым вучнем.
— Тэлефануе мне і пытаецца: «Чаму яны [іншыя матацыклісты — Hrodna.life] мне ўсе махаюць? У мяне нешта не так? Можа ў мяне штосьці зламалася? Што гэта значыць?» У той момант мне стала вельмі смешна, бо для нас, матацыклістаў, гэта звыкла, гэта частка культуры. Мы вітаемся, нават калі не ведаем адзін аднаго.
![Байкеры на улицах Гродно 8 июня 2019 в день фестиваля "Хавайся ў бульбу". Фото: Руслан Кулевич](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/04/motocikly-grodno-2019-800x533.jpg)
У матацыклістаў існуюць свае знакі, як звычайнае прывітанне, так і просьба аб дапамозе. Да прыкладу, калі матацыкліст спыніўся ля дарогі і паставіў шлем на зямлю, значыць, у яго бяда і можна спыніцца і яму дапамагчы. Калі шлем ляжыць на зямлі ў перавернутым выглядзе, то хутчэй за ўсё ў матацыкліста скончылася паліва.
Таму кіроўцу-пачаткоўцу не варта баяцца, што падчас паездкі што-то зламаецца і ён застанецца без дапамогі. Галоўнае ведаць, як пра яе прасіць.
Мова матацыклістаў на дарозе
Вялікі ці ўказальны палец у час руху паказвае на бак. Трэба заправіцца.
Паднятая ўверх рука з раскрытай далонню. Знак тармажэння або прыпынку.
Рука, выцягнутая ўлева. Сігнал паварота або разварота.
Узнятая ўверх і сагнутая ў локці левая рука. Правы паварот.
Пагойдванне далонню ўзнятай уверх рукі. «Абганяй».
Указальны палец паказвае на дарогу. На дарозе небяспечны аб’ект.
Чытайце таксама: «Іх асуджае ўся мота-Беларусь». Гродзенскія байкеры супраць адкрыцця сезону з-за супрацоўніцтва з уладамі