Дзе спаў Баторый і што знайшлі археолагі: у Гродне чарговы раз абмеркавалі будучыню Старога замка

Круглы стол, прысвечаны актуальным праблемам рэканструкцыі Старога замка, прайшоў у Гродне 15 кастрычніка. Нагода для сустрэчы спецыялістаў – набліжэнне да канца першай чаргі будаўніцтва на замку.

Цяпер улады прыступаюць да стварэння дэтальнага праекта другой чаргі – уласна палаца Стэфана Баторыя. Яго праект таксама намаляваны Уладзімірам Бачковым, аднак будзе яшчэ ў дэталях прапрацаваны архітэктарамі і інжынерамі.

Зачыняюць замак каб правесці даследаванні

Улады прынцыпова адкрытыя ў справе рэканструкцыі і прыслухоўваюцца да парадаў даследчыкаў, запэўніла начальніца ўпраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч. Як прыклад: змена формы купала і дапаўненні ў сграфіта на брамнай вежы.

Дзе спаў Баторый і што знайшлі археолагі: у Гродне чарговы раз абмеркавалі будучыню Старога замка
Выступае Алена Клімовіч. Фота: museum-grodno.by

Клімовіч сцвердзіла, што другой чарзе перабудовы замка будуць папярэднічаць вялікія даследчыя работы – гісторыкаў, археолагаў і праекціроўшчыкаў. Менавіта таму прыходзіцца зачыняць Стары замак, каб яго дадаткова даследаваць.

Раскопкі прынеслі шмат нечаканасцяў

Археалагічныя даследаванні 2015–2016 гг. павінны былі толькі пацвердзіць і пераправерыць вынікі раскопак 1980-х гг. Тады іх праводзілі з той самай мэтай – даследаваць замак перад рэканструкцыяй, бо здавалася, што тая пачнецца неўзабаве. Аднак сучасныя раскопкі цалкам перавярнулі погляд на храналогію археалагічных слаёў на Старым замку, расказала загадчык аддзела археалогіі музея Наталля Кізюкевіч. Слаі, якія датаваліся 16–17 стст. аказаліся значна ранейшымі.

Гэта было пацверджана раскопкамі 2017–2019 гг., паколькі ўдалося зрабіць дэндрахраналагічны аналіз і вызначыць, калі был ссечаныя дрэвы, выкарыстаныя для будоўлі на замку. Былі знойдзены драўляныя будынкі 13–14 стст. і драўляныя маставыя той эпохі.


Чытайце таксама: Што зараз адбываецца з рэканструкцыяй Старога замка ў Гродне?


Раскопкі вяліся зімой і летам, часта ў вельмі складаных умовах, на глыбіні да шасці метраў. Даследчыя пытанні для археолагаў засталіся і на другую чаргу. Напрыклад, ці падмуркі замка Баторыя стаяць адразу на мацерыку ці ўсё ж на нейкіх больш старажытных будынках.

Што знайшлі археолагі

Падчас раскопак было знойдзена больш за 3000 індывідуальных знаходак і дзясяткі тысяч кавалкаў керамікі, костак і інш. Самыя цікавыя індывідуальныя знаходкі – сякера-амулет для ваяроў, шахматныя фігуркі і кавалак шахматнай дошкі, шкляныя і каменныя пацеркі, вельмі арыгінальныя вырабы са скуры, кавалкі цэглы з надпісамі і з выявамі герба Гедымінавічаў  “Калюмны”, упрыгажэнні і іншае. Проста ўнікальная знаходка – крыжацкая пячатка канца 13 – пачатку 14 стст.

Цэгла канца 14 ст. са Старога замка ў Гродне
Цэгла канца 14 ст. са Старога замка ў Гродне

“Нам патрэбныя спецыялісты, кансерватары, каб захаваць дрэва і скуру, калі ўсе нашыя знаходкі аднавіць – музей меў бы адну з самых шыкоўных калекцый такіх рэчаў ва ўсёй Беларусі”, – канстатаваў даследчык Аляксандр Хацько. А даследчык Аляксандр Гаршкоў выказаў здагадку, што людзі на Замкавай гары маглі жыць яшчэ ў познім каменным веку.

Арсенала ў замку не было

Выступіў у Гродне і галоўны крытык і апанент канцэпцы Уладзіміра Бачкова – Мікола Волкаў з Інстытута гісторыі Акадэміі Навук. Ён засяродзіўся на галоўных праблемах першай і другой чэргаў рэканструкцыі Старога замка. Даследчык сцвердзіў, што самымі цікавымі для музеефікацыі аб’ектамі маглі б стаць памяшканні каралеўскага архіва, скарбца з жалезнымі дзвярыма, адкуль вяла лесвіца проста ў пакоі караля. “Кароль мог спусціцца ў скарбец і палічыць грошы”, – кажа Мікалай Волкаў.

А вось арсенала ў замку ў часы Баторыя ўжо не было, замак выкарыстоўваўся проста як перавалачная база для перакідвання зброі на ўсход Вялікага княства, дзе ішла вайна.

Зрабіць абмеркаванне праекта публічным

Галоўны крытычны момант другой чаргі перабудовы Старога замка, на якіх засяродзіўся Мікола Волкаў – занадта масіўны рызаліт – уваход у замак, які прапаноўваецца Бачковым. Волкаў кажа, што такога масіўнага рызаліта не было, таму трэба адшукаць (ці не) яго падмуркі падчас археалагічных даследаванняў. Другі момант – наяўнасць атыка, фактычна дадатковага паверха пад нахільным дахам асноўнага палаца.

Дзе спаў Баторый і што знайшлі археолагі: у Гродне чарговы раз абмеркавалі будучыню Старога замка
Выступае Мікола Волкаў. Фота: museum-grodno.by

Мікола Волкаў сцвердзіў – не выключана, што мы адшукаем новыя крыніцы па знешнім выглядзе Старога замка 16–17 стст. і калі замак будзе зроблены неяк не так, як у крыніцах, то гэта можа ўдарыць па іміджу будаўнікоў. Даследчык таксама заклікаў праекціроўшчыкаў пасля заканчэння прац над праектам другой чаргі Старога замка вывесіць яго ў адкрытым доступе і зрабіць абмеркаванне праекта цалкам публічным.

Форма купала, дэкор і каралеўская спальня

Доктар тэхналагічных навук Зыгмунт Луневіч з Уроцлава выказаўся наконт купала, які неўзабаве павінны паставіць на брамную вежу. Польскі даследчык раскрытыкаваў выбраную форму купала і сцвердзіў, што дэкарацый на Старым замку запланавана замнога. Аднак архітэктар Алег Шымбарэцкі з ім не пагадзіўся, спасылаючыся на прыклады рэнесанснай архітэктуры.

Шымбарэцкі і краязнаўца Ігар Лапеха актыўна крытыкавалі пункт гледжання Мікалая Волкава, асабліва аб тым месцы, дзе знаходзілася каралеўская спальня ў палацы.

Хто яшчэ выступіў і пра што казаў

Кандыдат гістарычных навук Наталля Сліж пазнаёміла прысутных з невядомым раней інвентаром Старога замку, які датуецца 1675 годам. Супрацоўнік музея Андрэй Вашкевіч расказаў пра лёс замка ў 19 ст., калі ён больш чым на сто гадоў перайшоў у рукі вайскоўцаў. Даследчык з Мінска Аляксей Шаланда акрэсліў праблематыку гербаў, якія будуць размешчаны на брамнай вежы замка.

Пра што дамовіліся

Даследчыкі прыйшлі да супольнай высновы, што ў працэсе праектных работ трэба правесці новае прачытанне інвентароў і іншых крыніц, зрабіць зандажы сцен замка і звесці ўсю інфармацыю ў нешта агульнае. Такім чынам работы над другой чаргой Старога замка яшчэ толькі пачынаюцца. Пытанне ў тым, наколькі публічна яны будуць праходзіць.


Не Санці Гучы. Стары замак у Гродне насамрэч спраектаваў немец?

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: