У Гродне пачынаюцца падрыхтоўчыя працы да запуску другой чаргі рэканструкцыі Старога замка. TUT.BY пагаварыў з начальнікам упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аленай Клімовіч пра тое, што зроблена, як праходзяць цяпер будаўнічыя працы на гістарычным аб’екце. А яшчэ даведаўся, аб якія элементах дагэтуль спрачаюцца гісторыкі.

Аднаўляюць Стары замак у Гродне па праекце архітэктара Уладзіміра Бачкова. Мяркуецца, што абарончае збудаванне павінна ў выніку атрымацца такім, якім яно было ў часы жыцця Стэфана Баторыя. Аднак рэканструкцыя замка ў Гродне з самага пачатку выклікала шмат спрэчак у навуковых колах — яе нават называлі «адкрытай фальсіфікацыяй помніка». Рэканструкцыяй зацікавіліся ў свой час у польскім сойме. Намеснік старшыні Камісіі па замежных справах сейма Рэспублікі Польшча Роберт Тышкевіч накіраваў ліст міністру культуры і нацыянальнай спадчыны краіны Пятру Глінскаму. Амбасадар быў занепакоены лёсам Старога замка ў Гродне і тымі працамі, якія вяліся на гістарычным аб’екце.

Зараз жа абмяркоўваецца дата прыезду польскіх спецыялістаў у Гродна. Гісторыкі з суседняй краіны разам з беларускімі калегамі абмяркуюць рэканструкцыю замка і падзеляцца сваімі напрацоўкамі.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

— Стары замак — былая рэзідэнцыя каралёў Рэчы Паспалітай — выклікае вялікую цікавасць у замежных гасцей, і мы хацелі б спадзявацца на кансультатыўную і практычную дапамогу польскага боку ў рэканструкцыі адной з самых галоўных гістарычных славутасцяў горада, — сказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Уладзімір Краўцоў на сустрэчы з намеснікам спікера сейма Польшчы Малгажатай Гасеўскай. — Гэта дае моцны штуршок для развіцця нашага турыстычнага патэнцыялу.

Гасеўска паабяцала падняць пытанне на ўзроўні польскага Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, паведамляе «Гродзенская праўда».

Спрэчныя элементы: сграфіта, галерэя, купал

Зараз на тэрыторыі Старога замка ідуць працы ў рамках першай чаргі, якія ўключаюць рэканструкцыю ўязной вежы, узвядзенне сярэдняй вежы і камяніцы, будаўніцтва галерэі і сцяны над Нёманам.

Падчас імправізаванай прагулкі па Старым замку, дзе на ўсю моц кіпіць будоўля, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч спыняецца каля кожнага спрэчнага элемента і падрабязна тлумачыць, чаму зроблена так ці інакш.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Напрыклад, выгляд купала на ўязной вежы — ён стаў самым абмяркоўваемым элементам у навуковых колах. Першапачаткова аўтары рэканструкцыі прапаноўвалі свой варыянт купала, які меў круглявую форму. Беларускія архітэктары кіраваліся выявай замка на гравюры Тамаша Макоўскага. Аднак польскія спецыялісты прапанавалі некалькі іншую форму, і іх прапанова была пачута.

— Купал зроблены на падставе прапанаваных варыянтаў. Навуковы кіраўнік праекта Алег Шымбарэцкі шмат працаваў у гэтым кірунку, у тым ліку і ў Польшчы. Мы абмяркоўвалі форму гэтага будынка ў Міністэрстве культуры і са спецыялістамі «Белрэстаўрацыі». Так, купал некалькі адрозніваецца вуглом нахілу, і ў яго меншая вышыня, чым прапаноўвалі польскія калегі. Але зноў-такі варта разумець, што мы бачым гравюру — і больш у нас нічога няма. Што тычыцца вырабу купалу, то спачатку была зробленае металічнае лачанне, якое абабілі дрэвам, і канчатковая стадыя — луджаная медзь белага колеру, — кажа Алена Клімовіч.

Пытанні ў апанентаў існуючага праекта рэстаўрацыі Старога замка паўсталі і да малюнкаў, якія нядаўна з’явіліся на ўязной вежы ў стылі сграфіта. Цяпер яе ўпрыгожваюць партрэты рымскіх імператараў і Стэфана Баторыя.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Тэхніка сграфіта і праўда характэрная для эпохі Рэнесансу. І яна, тут гісторыкі сыходзяцца ў меркаваннях, у тым ліку выкарыстоўвалася і ў Старым замку. Некаторыя выявы ў дадзенай тэхніцы захаваліся з тыльнага боку замка. Але вось што было намалявана на вежы — невядома. Якіх-небудзь карцін, гравюр або апісанняў да нашага часу не захавалася.

Гісторык Мікалай Волкаў, які з’яўляецца галоўным апанентам існуючага праекта рэканструкцыі Старога замка, кажа пра тое, што ўязная вежа не была дабудавана пры жыцці самога Стэфана Баторыя. Яе пачалі ўзводзіць у 1586 годзе, у канцы якога кароль памёр. Сграфіта, адпаведна, таксама не паспелі зрабіць.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

— Партрэт Стэфана Баторыя, лічыце, — даніна памяці каралю. Мы не ведаем, што магло быць намалявана на вежы. І гэта некаторае дапушчэнне, якое мае месца быць, — кажа Алена Клімовіч і дадае, што пры стварэнні малюнкаў абапіраліся на існуючую практыку. У якасці прыкладу прыводзіць замак Красічын ў Польшчы, дзе ёсць падобны малюнак.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Яшчэ адзін элемент, які выклікаў спрэчкі, — гэта тэраса над уязной вежай.

— Так, спрэчны элемент. Што тут быў гэты ўзровень, сумневаў няма, а вось як яго ўвасабляць — іншае пытанне. Аўтар праекта вырашыў, што тут будзе тэраса. Справа ў тым, што спецыялістаў у галіне архітэктуры Рэнесансу ў нашай краіне мала. І гэты элемент мы абмяркоўвалі так жа доўга і старанна, як і ўсе іншыя. Проста ёсць меркаванне, што спецыялісты, якія зараз працуюць над рэканструкцыяй Старога замка, толькі і хочуць, што ўсё знесці. Але гэта не так. Усё, што магчыма, мы захоўваем. Напрыклад, будынак збоку ад уязной вежы, які быў пабудаваны ў пазамінулым стагоддзі. Ён захаваны, як і часткі тынкоўкі больш позняга перыяду ў некаторых памяшканнях, — распавядае Алена Клімовіч і паказвае фрагменты старога аздаблення, якое цяпер пазначана тонкімі драўлянымі рамкамі. — Ці, напрыклад, старадаўнія роспісы ў памяшканні капліцы. Спецыялісты «Белрэстаўрацыі» знялі старадаўнюю тынкоўку, зафіксавалі яе і, калі дойдзе чарга да ўнутранага аздаблення дадзенага памяшкання, яе прывязуць назад і вернуць на месца. На аснове старадаўняга роспісу таксама распрацоўваецца дэкор сцен.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Рэканструкцыя капліцы ва ўязной вежы — гэта таксама працы першай чаргі. Зараз спецыялісты «Гроднаграмадзянпраект» распрацоўваюць тэхнічнае заданне па ўнутраным аздабленні памяшкання. Тут павінны будуць з’явіцца размалёўка сцен, каміны, мэбля і вітражы. Аконным запаўненнем займаецца «Белрэстаўрацыя», якая ўжо пачала пастаўку вокнаў. Некаторыя ўжо можна ўбачыць у галерэі. Каменныя вырабы выконвае прадпрыемства «Будоўля».

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

— Вітражы — гэта такі ж спрэчны элемент, як балясіны і галерэя на другім паверсе?

— Гэта так званае аналагічнае рашэнне. У той час у падобных рэлігійных памяшканнях вялікія парадныя вокны былі зашклянёныя вітражамі. Калі б тут аконныя праёмы былі маленькія, то мы, вядома, шукалі б іншае рашэнне, — кажа Алег Шымбарэцкі — і распавядае пра тое, як ратавалі старадаўнюю цэглу, наносячы на яго спецыяльныя раствор, а потым ўмацоўвалі.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Рэканструкцыя замка — гэта канцэпцыя задумы

— Ёсць такі тэрмін — канцэпцыя задумы. Дык вось рэканструкцыя Старога замка — гэта канцэпцыя задумы аднаўлення пабудовы ў тым выглядзе, у якім каралеўская рэзідэнцыя існавала ў XVI стагоддзі. Але калі мы можам захаваць, дапусцім, тынкоўку пазнейшых перыядаў, прыбудовы, то гэта таксама вельмі добра, — кажа Алена Клімовіч. — Трэба разумець, што гэта не проста будоўля — цэлыя інстытуты працуюць над рэканструкцыяй дадзенага аб’екта. Што тычыцца ўнутраных памяшканняў, то спецыялісты абапіраюцца на інвентарызацыю, якая праводзілася часцей за ўсё перад прыездам караля. І там не заўсёды ёсць апісанні ўсіх памяшканняў. Гэта адбывалася так: апісваліся, хутчэй за ўсё, тыя пакоі, дзе былі нейкія праблемы — дзверы рыпалі, падлога разышлася і гэтак далей. Нейкія гаспадарчыя памяшканні маглі і не апісвацца. Гэтак жа, як і памяшканні, якія не патрабавалі рамонту. Вядома, вельмі шмат чаго нам дае археалогія (раскопкі ў двары Старога замка праходзілі два гады. — Заўвага. TUT.BY), але яна не можа адказаць на пытанне, колькі паверхаў было, напрыклад, вунь у той пабудове побач з палацам.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

— А камяніца? Гісторыкі кажуць аб тым, што на месцы, дзе цяпер збудаваны будынак, яе папросту не было. Былі праведзены раскопкі - і слядоў падмурка так і не знайшлі…

— Спрэчнасць камяніцы мы таксама прызнаем. Але яе будаўніцтва было абгрунтаваным рашэннем. Тут размесцяцца музейныя экспазіцыі. І для яе будаўніцтва нічога разбурана не было.

Што тычыцца другой чаргі, то яна пачнецца ў бліжэйшы час. Галоўным вынікам стане рэстаўрацыя палаца Стэфана Баторыя. Зараз ідуць перадпраектныя работы, будуць зробленыя так званыя ўнутраныя і знешнія зандажы сцен палаца.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

— Мы ўпэўненыя, замак тоіць яшчэ шмат цікавага, і ён яшчэ адкрые нам сваю гісторыю. Нам пакуль трэба вызначыць знешні выгляд параднага ганка. Таксама трэба разумець, як будзе аднаўляцца зала прыёмаў караля, да якога ўшчыльную прымыкае сцяна XIX стагоддзя. У якім яна стане? Ці можна яе захаваць? Таксама ўздымалася пытанне аб галерэі пераходу. Зноў-такі зандажы павінны даць нам поўную карціну. У бліжэйшы час пачнецца чарговы этап раскопак. Для таго каб правесці іх, трэба перанесці рэшткі Верхняй царквы з сярэдзіны замкавага двара. На гэтым месцы яна знаходзілася з 1939 года, калі яе перанеслі з першапачатковага месца і паставілі на сучасны па тых часах падмурак. А яна павінна стаяць у павільёне побач з Ніжняй царквой. Але зараз стаіць задача зрабіць часовы ахоўны навес, які і праектуецца.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

У другой чарзе, акрамя замка, будзе рэстаўравацца флігель адміністратара, які ёсць у планах XVIII стагоддзя, а значыць — знаходзіўся тут і раней. Важна ўдакладніць пытанні аб яго габарытах. І калі археалогія можа нам дапамагчы ў вызначэнні плана будынка, то ўжо архітэктары будуць займацца яго паверхавасцю і знешнім выглядам.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY
Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

У сярэдзіне лістапада, перад пачаткам актыўных работ другой чаргі, у Гродне правядуць круглы стол, куды запрасілі ўсіх зацікаўленых — гісторыкаў, архітэктараў, журналістаў і грамадскасць.