26 сакавіка прайшла цырымонія ўручэння штогадовай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. У галіне прозы найлепшай была прызнаная кніга гродзенкі Дар'і Трайдэн «Крыштальная ноч» (Кнігазбор, 2018).

У лік намінантаў трапілі таксама трапілі гродзенцы Яўген Аснарэўскі з кнігай «Трыкутнік Караля» і Алесь Кіркевіч з «Самураем».

У намінацыі «Пераклад», якая абвяшчалася першай, найлепшай прызналі перастварэнне Паўлінай Вітушчанкай рамана «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса (Логвінаў, 2018), У намінацыі «Паэзія», якая, паводле сябраў журы была найскладанейшай для кампрамісу, першае месца атрымала кніга «Зоў Звычаю» Галіны Сіўчанка (Медысонт, 2018). Усе лаўрэаткі атрымаюць ад дабрачыннага фонда «Вяртанне» чэкі на 4200 беларускіх рублёў.

Заахвочвальныя прэміі ў памеры 1000 беларускіх рублёў сёлета атрымалі Стась Карпаў, Алесь Замкоўскі за кнігі паэзіі, Алесь Кіркевіч і Стэфан Корф за кнігі прозы.

Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам «Вяртанне» і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі — Віталь Рыжкоў, Наталка Харытанюк, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Юлія Шарова, Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Зараслава Камінская, Ганна Комар, Юля Цімафеева, Таццяна Нядбай і інш.