У другім матчы паўфінальнай серыі плэй-оф чэмпіянату Беларусі «Нёман» зноў саступіў дома «Шахцёру». Гэтым разам з больш буйным лікам — 2:5.
Каманда Сяргея Пушкова па ходзе матчу вяла з лікам 2:0, але ўпусціла перавагу.
У стартавай дваццаціхвілінцы каманды паказалі актыўны хакей. «Шахцёр» упэўнена абараняўся, але «Нёман», дзякуючы колькаснай перавазе і дакладнаму кідку Аляксандра Маляўкі на 10-й хвіліне здолеў закінуць першую шайбу ў серыі. На першы перапынак гродзенцы сышлі з перавагай — 1:0.
Другі перыяд «Нёман» пачаў актыўна і на 27-й хвіліне павялічыў лiк да 2:0. Але пасля чарговага ўзяцця варот суперніка гродзенцы расслабіліся і цалкам аддалі ініцыятыву гасцям. «Шахцёр» скарыстаўся гэтым і здолеў не толькі зраўняць лік, але і выйсці наперад. На другі перапынак «Шахцёр» сыходзіў лідарам — 2:3.
У заключнай дваццаціхвілінцы гродзенцы спрабавалі змагацца, але адыграцца камандзе Сяргея Пушкова так і не ўдалося. «Шахцёр» тым часам здолеў зрабіць 2:4, а ў канцоўцы, калі «Нёман» зняў брамніка, наогул забіў пятую шайбу ў пустыя вароты.
«Нёман» — «Шахцёр» 2:5 (1:0, 1:3, 0:2)
Шайбы: 1:0 — А. Маляўка (Коршунаў, 9.48-бол.). 2:0 — Баярчук (С.Маляўка, А.Маляўка, 26.51). 2:1 — Камбовіч (Зямлянкiн, Гарбуноў, 33.44-бол.). 2:2 — Дзямкоў (Гарбуноў, Камбовіч, 35.38). 2:3 — Дзямкоў (Гарбуноў, Камбовіч, 39.37). 2:4 — Дастанка (Гарбуноў, 50.59). 2:5 — Туркін (Ляўко, Дастанка, 59.14 — П.В.).
Лік у серыі да 4-х перамог «Нёман» — «Шахцёр» — 0:2