Гродзенскі абласны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прызнаў скарб, што знайшлі ў красавіку ў час рамонту дому на вуліцы Працоўнай, гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Гэта азначае, што будаўнікі і ўласнік будынка атрымаюць грашовую кампенсацыю – па 25% ад вартасці скарба. Спецыялісты ацанілі скарб больш чым у 19 400 долараў, піша grodnonews.by.
Скарб з залатых манет і ўпрыгожванняў будаўнікі знайшлі 14 красавіка 2018 года ў старым будынку на 2-ім Працоўным завулку падчас разборкі даху. У каробачцы было каля 30 залатых манет 18-19 стагоддзяў, звыш 10 розных каштоўных упрыгожванняў – пярсцёнкі і ланцужкі, а таксама дакументы, у тым ліку і закладныя пачатку 20 стагоддзя.

– Калі быў знойдзены апошні з гродзенскіх скарбаў, інфармацыя ў лічаныя час разляцелася па ўсёй Беларусі, – адзначаў уладальнік будынка Алег Разін. – На працягу некалькіх дзён званкі паступалі з розных куткоў краіны, з Расіі. Нават калі праз час гасцяваў у Екацярынбургу на дне сустрэчы выпускнікоў, першае, што пачуў, было: «Раскажы пра скарб».
Гэты скарб, як і іншыя, знойдзеныя ў Гродне і вобласці за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў, можна зараз пабачыць на выставе ў Новым замку.

Папярэдні дастаткова буйны скарб знайшлі ў Гродне ў 2016 годзе. Тады будаўнікам, што яго выявілі прыйшлося чакаць больш за год на тое, каб яго прызналі каштоўным ды выплацілі ім узнагароду.



