Навуковы супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Ян Лялевіч распавёў Hrodna.life пра скарб, знойдзены 14 красавіка ў доме на вуліцы 2-й Працоўнай, і выказаў здагадку, хто яго мог схаваць.

Што вядома пра залаты скарб, які знайшлі ў цэнтры Гродна

Скарб, які будаўнік знайшоў на даху старога дома, складаецца з больш чым 20 залатых манет (з іх большасць Расійскай імперыі, ёсць польская міжваеннага перыяду і іншыя), залатых зліткаў, 2 залатых ланцужкоў, каля 10 залатых пярсцёнкаў (мужчынскіх і жаночых), часткі залатой медалі, зубных пратэзаў з белага металу і іншага. Таксама ёсць абгортачная папера міжваеннага перыяду.

[irp posts="58 250″ name="У цэнтры Гродна знайшлі яўрэйскі скарб часоў Другой сусветнай"]

«Зараз мы можам меркаваць, што скарб часоў Другой сусветнай вайны, — распавядае Ян Лялевіч. — У знаходцы каштоўнасцяў досыць шмат і мы можам сказаць, што такія закладкі ў дамах рабілі ў час нямецкай акупацыі. У дадзеным выпадку — прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва, якія апынуліся ў гета. Я перакананы, што сярод 30 000 яўрэяў даваеннага Гродна было такіх скарбаў шмат. Яўрэі разумелі, што іх чакае, і ўсімі спосабамі спрабавалі захаваць нейкія свае каштоўнасці.

Ян Лялевіч адзначае, што гэта не першы такі скарб, знойдзены ў Гродне.

«Можам успомніць нядаўні скарб на Антонава. А, напрыклад, у 1980-я актыўна праводзіліся реканструкцыя старых дамоў у цэнтры Гродна — тады таксама былі знаходкі, але пра іх ніхто нічога казаў і не перадаваў дзяржаве. Сённяшні скарб унікальны тым, што яго не схавалі, а паказалі».

Каму належалі знойдзеныя скарбы, спецыялісты сказаць пакуль не могуць, ды і наўрад ці ў іх гэта атрымаецца высветліць. На думку Яна Лялевіча, нейкія імёны або прозвішчы можна будзе назваць пасля дэталёвага вывучэння знаходак, а таксама пасля вывучэння старых адрасоў і ўладальнікаў дома, дзе знайшлі скарб.

Што вядома пра залаты скарб, які знайшлі ў цэнтры Гродна
Ян Лялевіч (у цэнтры) разглядае знаходку
Пасля экспертызы будзе разглядацца пытанне лёсу скарбу і кампенсацыі для тых, хто мае дачыненне да знаходкі. Паводле заканадаўства, 50% ад знаходкі дзяржава забірае сабе, астатнія 50% дзеліць паміж сабой уласнік будынка і чалавек, які выявіў скарб.

Можна папярэдне выказаць здагадку, што гэты скарб будзе прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. I калі ў будучыні скарб патрапіць у Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей як экспанат, то гэта будзе вялікім плюсам для гісторыі горада. У музеі тады будуць захоўвацца ўжо два скарбы з розных гета ў Гродне.