У час раскопак на Старым замку ў Гродне археолагі знайшлі інкруставаны кавалак драўлянага прадмета. Верагодна, гэта фрагмент шахматнай дошкі, паведамілі ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Раней на раскопках ужо знаходзілі шахматныя фігуры.

На драўлянай палосцы даўжынёй больш за 25 см і шырынёй 4 см знаходзіцца 8 чорных і белых палёў. Знаходку адразу замарозілі, каб забяспечыць ад знішчэння. У будучыні з ёй будуць працаваць рэстаўратары, расказала «СБ Беларусь сегодня» загадчыца аддзела архелогіі музея Наталля Кізюкевіч.

Агулам за час раскопак на Замкавай гары знойдзена каля 1500 артэфактаў. Гэтак, у жніўні была знойдзена шахматная фігура, імаверна з рога аленя. Шахматную фігуру знаходзілі і раней, у час раскопак у 1930-х.