Абгуляўшы «Віслу» з Плоцка ў апошнім туры чэмпіянату Польшчы, каманда з Беластока другі год запар заваявала срэбраныя медалі і забяспечыла сабе пуцёўку ў Лігу Еўропы.

За апошнія гады футбол у Беластоку прыкметна прагрэсуе, а разам з гэтым і ўзровень заўзення за каманду. Так, апошні матч сезону там наведала крыху больш за 20 тысяч чалавек. Варта адзначыць, што ў суседзяў на футбол усе ходзяць у клубнай атрыбутыцы.

За 30 секунд да фінальнага свістка ў матчы з «Віслай» на поле сталі масава выбягаць заўзятары, думаючы што гэта ўжо канец матчу. Пазбегнуўшы вялікага скандалу, дыктару на стадыёне атрымалася вярнуць іх за межы поля. У выніку праз некалькі хвілін прагучаў фінальны свісток, а разам з ім тысячы заўзятараў «Ягелоніі» выбеглі на поле віншаваць сваіх улюбёнцаў. Матч скончыўся з лікам 2:1. Такім чынам каманда з Беластока заваявала ў чарговы раз другое месца ў чэмпіянаце Польшчы і атрымала пуцёўку ў кваліфікацыю Лігі Еўропы.

Пасля матчу на адной з цэнтральных плошчаў Беластока фанаты зладзілі ўрачыстае віншаванне каманды і трэнера.