Сумесная эстафета Польскай пошты і работнікаў Белпошты прайшла па вуліцах Гродна 3 верасня. Мерапрыемства было прымеркавана да стагоддзя аднаўлення незалежнасці Польшчы і 460-й гадавіны Каралеўскай пошты Рэчы Паспалітай.

Забег пачаўся 1 верасня з адкрыцця помніка польскім паштальёнам у Гданьску. У гэтым годзе адзначаецца 79-я гадавіна абароны польскага паштамта ў Гданьску. Пасля гэтага дэлегацыя з 26 чалавека адправілася ў іншыя польскія гарады, большую частку дарогі паштальёны пераадольвалі на аўтобусе. Беглі і ў літоўскіх гарадах, напрыклад у Вільні. У Беларусі да палякаў далучыліся гродзенскія паштальёны.

Разам беларускія і польскія калегі прабеглі некалькі кіламетраў: ад вуліцы Горкага да плошчы Тызенгаўза. На фінішы паштальёнаў сустракаў Генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжак і кіраўніцтва Гродзенскага філіяла Белпошты.

Забег польскіх паштальёнаў скончыцца 12 верасня ў Вене. Арганізатарамі забегу выступілі Камітэт па спорце і турызму польскай пошты і Клуб спартыўнай дзейнасці «Палонія».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life