Грамадскае аб’яднанне веласіпедыстаў «ВелаГродна» запускае навучальны курс для пачаткоўцаў - «Велашкола». Яна разлічана на пачаткоўцаў розных узростаў. На працягу трох заняткаў з дапамогай вопытнага трэнера гродзенцы і гродзенкі змогуць «з нуля» навучыцца ездзіць на ровары.

Акрамя гэтага, вы даведаецеся, як правільна падабраць для сябе ровар; зразумееце, чым адрозніваецца тэхніка язды па горадзе ад язды па бездарожжы; пазнаёміцеся з правіламі паводзін веласіпедыста падчас руху па тратуары; пройдзеце інструктаж па захаванні правіл дарожнага руху; даведаецеся шмат цікавай і карыснай інфармацыі аб тым, як можна праводзіць вольны час на ровары з карысцю для здароўя.

— У любым узросце можна пачаць весці актыўны лад жыцця. Мы для гэтага прапануем наш любімы спосаб — язда на ровары. Вы зможаце выкарыстоўваць яго як транспарт для перамяшчэння па горадзе, зможаце катацца з дзецьмі і з сябрамі ці ўладкаваць індывідуальныя «пакатушкі» у вольны вечар, — каментуе Юлія Каляда, каардынатар ініцыятывы, — І мы не здзівімся, калі для кагосьці першыя заняткі стануць стартам у веласіпедны спорт або захапленне велатурызмам".

Заняткі праводзяцца на бясплатнай аснове. Будуць праходзіць у вячэрні час, два разы на тыдзень. На занятках навучэнцам будуць прадастаўлены ровар і шлем.

Для ўдзелу неабходна папярэдне запісацца па тэлефоне 8 033 600 02 30 або запоўніць форму заяўкі. Пра канкрэтны месца і час правядзення заняткаў вы зможаце даведацца на сайце velogrodno.by і ў сацсетках.

Ініцыятыва рэалізуецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» («БЕЛМЕД»), што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.