Ушанаванне хакейнага “Нёмана” праходзіла ў гродзенскім драмтэатры ў чацвер 19 красавіка. Там каманду павіншавала кіраўніцтва вобласці, спонсары і адданыя заўзятары.

Перад уваходам у тэатр заўзятары і юныя хакеісты зладзілі для каманды жывы калідор. Прыбыўшыя гульцы “Нёмана” разам з Кубкам прэзідэнта i пад апладысменты ўвайшлi ў фае, дзе правялі аўтограф і фотасесію.

Чытайце яшчэ:  Песню-матыватар хакейнага "Нёмана" ўпершыню выканалі ўжывую перад гродзенцамі

Пасля на сцэне тэатра кіраўніцтва вобласці, галоўны спонсар і заўзятары павіншавалі каманду з чарговым чэмпіёнствам. У сваю чаргу “Нёман” падзякаваў усім датычным да перамогі. Для пераможцаў у драмтэатры прайшоў канцэрт.

Нагадаем, “Нёман” 7 красавіка ў Мiнску здолеў даціснуць у фінальным супрацьстаянні “Юнацтва” і ўзяць Кубак прэзідэнта. Такiм чынам “Нёман” стаў сяміразовым чэмпіёнам Беларусі. Столькі ж галоўных трафеяў і ў мінскага «Юнацтва».

Сезон 2017−18 для «Нёмана» скончыўся ўдала. Падапечныя Сяргея Пушкова змаглі заняць першае месца ў рэгулярным чэмпіянаце, а пасля ў плэй-оф прайсці ўсіх супернікаў і ўзяць Кубак прэзідэнта. Ужо летам са стартам новага сезону «Нёман» дасць старт і ў Лізе Чэмпіёнаў. Разам з гродзенцамі ў еўракубку будзе выступаць «Юнацтва».