Аляксей Небышынец з гродзенскай кавярні “Наша кава” ўвайшоў у тройку лепшых барыста краіны ў намінацыі “Латэ-арт”. На фестывалі “Coffee Fest Belarus-2018”, які прайшоў у Мінску 24-25 сакавіка, ён заняў другое месца. Героямі яго малюнкаў на каве сталі кажаны.

Прызавое месца ў фестывалі – ужо другі поспех за год. Зімой на калядным латэ-арт батле Аляксей Небышынец быў першым. Тады задачай удзельнікаў было як мага дакладней паўтарыць малюнак.
Чэмпіянат адрозніваецца тым, што дэманструюцца аўтарскія малюнкі. Арыгінальнасць выявы – адзін са складнікаў поспеху.
Аляксей ужо вярнуўся ў Гродна, таму ў кожнага ёсць шанец пакаштаваць каву з прыгожымі малюнкамі і асабіста павіншаваць барыста з высокім дасягненнем.
Кававы фестываль у Мінску праводзіцца ўжо чацвёрты раз. У гэтым годзе тут прадставілі больш за 100 гатункаў кавы, правялі шэсць чэмпіянатаў барыста ў розных намінацыях, арганізавалі больш за 40 бясплатных майстар-класаў і дэгустацый. У фестывалі ўдзельнічалі каля 50 кававых кампаній, у тым ліку з-за мяжы.



