У апошнія майскія выходныя ў Гродне адкрыўся чарговы кірмаш даўніны. У гэты раз акрамя калекцыянераў з Беларусі свае прадметы прадставілі і госці з Літвы і Расіі.
Першы кірмаш калекцыянераў у Гродне прайшоў у апошнія выходныя красавіка. Пасля гарадскія ўлады вырашылі праводзіць такі кірмаш у канцы кожнага месяца.
На другiм кірмашы ўжо не хапіла сталоў усім удзельнікам. Замежнікі гэтым разам не толькі прыходзілі паглядзець, як на турыстычную атракцыю, але і пачалі выстаўляць свой тавар.
Юрый Весялоў прыехаў у Гродна з Друскенік.
«Я ў Гродне часта бываю і кірмаш наведваю ў тым ліку. У гэты раз прыехаў са сваёй калекцыяй барахла. Можа, каму-небудзь што-небудзь спатрэбіцца. Мяжу спакойна перасякаў, без праблем. У Друскеніках такога кiрмашу няма, так што мне цікава ездзіць у Гродна, прадаваць і мець зносіны з калекцыянерамі».
Андрэй прыехаў у Гродна з Падмаскоўя. Тут ён часта бывае, бо тут жыла яго мацi. На кірмашы мужчына прадставіў калекцыю старых абразоў.
«Мне прапанавалі паўдзельнічаць, я не адмовіўся. Я тут не дзеля продажаў, а дзеля зносін з калекцыянерамі. Цікавы і незвычайны кірмаш, якi папулярызуе старадаўнія рэчы. Відаць, што гродзенцам ён па душы».
На другім кірмашы наведвальнікаў у параўнанні з першым менш. Гэта звязана з добрым надвор’ем — многія гродзенцы адпачываюць за горадам.