Каля 200 гродзенцаў у суботу 27 мая наведалi веласвята на вуліцы Янкі Купалы, якое арганізавала сетка магазінаў «Твой велик». На спецыялізаванай пляцоўцы праходзілі розныя конкурсы, заезды дарослых на роварах і дзяцей на бегавелах.

Такое свята ў Гродне прайшло ўпершыню і сабрала шмат удзельнікаў і проста гледачоў.

«Наша мерапрыемства не для прафесіяналаў, а для аматараў, якія маглі ўдзельнічаць цэлымі сем’ямі. Самому малодшаму ўдзельніку нашага веласвята было 2 гады, а найстарэйшаму 80. З наступных выходных у нас пачынае працу клуб правільнай язды дзе велатрэнер будзе праводзіць заняткі для аматараў двухколавага транспарту. Будзем распавядаць пра карысць ровара, як правільна ездзіць і многае іншае. Запрашаем усіх далучыцца ў суботу 3 чэрвеня на нашае чарговае мерапрыемства. Стартуем у 10.00 ад гасцініцы «Турыст», — распавёў дырэктар сеткі магазінаў «Твой велик» Андрэй Бертэль.