Дамову аб супрацоўніцтве паміж Падляшскім ваяводствам Польшчы і Гродзенскай вобласцю падпісалі 28 красавіка ў гатэлі «Варшава» ў Аўгустове. Дакумент акрэслівае ўмовы супрацы ў эканоміцы, інвестыцыях, прадпрымальніцтве, памежным руху, трансгранічных праектах, інфраструктуры і культуры. Асаблівае значэнне абодва бакі надаюць сумесным дзеянням па развіцці трансгранічнай супрацы і Аўгустоўскага канала.
«Гэта ўзмацняе супрацу і вызначае наш шлях надалей», — мяркуе маршалак Ежы Ляшчыньскі, што ўзначальваў польскую дэлегацыю. На думку Уладзіміра Краўцова, старшыні Гродзенскага аблвыканкама, «юрыдычнае афармленне пагадненняў з’яўляецца яшчэ адным імпульсам да развіцця паспяховага супрацоўніцтва».
Гродзенскі старшыня аблвыканкама таксама адзначыў важнасць трансгранічнага турызму для эканамічнага развіцця рэгіёна. «Наш малы і сярэдні бізнес ужо адрэагаваў на бязвізавых турыстаў - з’явіліся кавярні, рэстараны, невялікія гасцініцы, адкрылі многа новых музеяў». У планах аблвыканкама — музеефікацыя фартоў вакол Гродна і больш актыўнае аднаўленне гістарычных аб’ектаў, каб было што паказаць замежным турыстам.
«Услед за гэтым звычайна ідзе дзелавое супрацоўніцтва», — мяркуе Уладзімір Краўцоў. Тым больш, перадумовы для гэтага ёсць: «Тавараабарот з Польшчай у нас стала расце, летась склаў 106% ад папярэдняга. Апошнім часам, у сувязі з увядзеннем бязвізавага рэжыму, актывізаваліся бізнесовыя колы. Вымалёўваецца буйны трансгранічны праект стварэння мульцімадальнага лагістычнага цэнтра, ім займаецца наша свабодная эканамічная зона, з польскага боку ёсць цікавасць да перапрацоўчых прадпрыемстваў Смаргонскага рэгіёна».
[irp posts="20 595″ name="Па вадзе, на ровары і пешшу. Перайсці мяжу на Аўгустоўскім канале стала прасцей"]
Паспрыяе развіццю трансгранічнага турызму і рэканструкцыя памежнага пункта пропуску «Брузгі-Кузніца», што мае адбыцца ў наступным годзе. Гэтыя працы з’яўляюцца часткай рэканструкцыі трасы М6 і фінансуюцца Сусветным банкам. На абноўленым пераходзе значна павысіцца прапускная здольнасць і зноў зявіцца магчымасць пешага перасячэння мяжы.