Самакіраванне Падляшскага ваяводства і ўлады Гродзенскай вобласці рыхтуюць сумеснае прасоўванне Аўгустоўскага канала. Супрацоўнічаць будуць музеі канала з абодвух бакоў мяжы, паўстане бібліяграфія гэтага помніка інжынернай думкі. Пра гэта ішла гаворка 16 снежня ў Беластоку ў час першага паседжання працоўнай групы па справах Аўгустоўскага канала.

Група паўстала ў межах дамову, якую 26 кастрычніка, у першы дзень дзеяння бязвізавага рэжыму, падпісалі падляшскі маршалак Ежы Лешчыньскі і старшыня гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, прыводзіць інфармацыю агенцтва PAP партал biznes.onet.pl.

Па словах чальца праўлення Падляшскага ваяводства Багдана Дыюка, мэта групы — выпрацаваць спіс заданняў, запрасіць да супрацоўніцтва розныя інстытуцыі, каб зрабіць брэнд Аўгустоўскага канала не толькі лакальны ці рэгіянальным, але і агульнаеўрапейскім.

Гэтак, у канцы красавіка і пачатку мая 2017 года на сезонным водным пункце пропуску Рудаўка-Лясная плануецца правесці адмысловы пікнік-маёўку для турыстаў.

Намеснік старшыні гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч казаў, што інфраструктуру ў пункце пропуску трэба палепшыць. Таксама трэба абслугоўваць шлюзы на канале круглы год, каб карыстацца імі маглі не толькі арганізаваныя, але і індывідуальныя турысты.

Яшчэ адна думка, якую абмяркоўвалі - арганізацыя водных рэйсаў з Аўгустова ў Гродна і назад. Магчымасць такіх рэйсаў малымі караблямі маюць прааналізаваць адказныя за водную гаспадарку арганізацыі.

Лісковіч адзначыў, што магчымасцямі бязвізавага руху скарысталіся больш за 2000 замежнікаў. Ужо ёсць планы каб працягнуць дзеянне ўказа прэзідэнта на 2018 год, а таксама пашырыць межы бязвізавай зоны. Таксама ў 2017, магчыма, без візы можна будзе прыехаць у Гродна цягніком. Зараз патрапіць можна толькі праз аўтадарожныя і водны пункты пропуска.